Шэсьце вернікаў праз цэнтар Менску скончылася затрыманьнямі дзясяткаў чалавек на плошчы Незалежнасьці. Апроч удзельнікаў акцыі, затрымалі амаль усіх журналістаў, якія асьвятлялі пратэст.
Як разьвіваліся падзеі
- Пасьля разгону акцыі пратэсту супраць несумленных выбараў і гвалту, якая праходзіла 26 жніўня ля Чырвонага касьцёла ў Менску, людзі зноў выйшлі на пратэст.
- Пасьля 18-й гадзіны на плошчы Свабоды затрымалі некалькі дзясяткаў журналістаў, сярод іх фатограф Радыё Свабода Ўладзімер Грыдзін. Журналістаў пасадзілі ў мікрааўтобус і даставілі ў Кастрычніцкае РУУС «для праверкі дакумэнтаў».
- На плошчы Свабоды сабралася некалькі соцень пратэстоўцаў, у многіх на плячах — бел-чырвона-белыя сьцягі, у руках плякаты. Яны сталі ў калёну і рушылі ў бок плошчы Незалежнасьці, сьпяваючы «Магутны Божа».
- Па праспэкце Незалежнасьці ўжо ішла калёна ў тысячу чалавек. Дэманстранты несьлі бел-чырвона-белыя сьцягі, кветкі і абразы, спыняліся на чырвонае сьвятло.
- На плошчы Незалежнасьці са сьцягамі і плякатамі сабралася каля тысячы чалавек. АМАП заблякаваў прыступкі да Чырвонага касьцёла, не пускаючы людзей з плошчы да касьцёла. Паступова АМАП пачаў ачапляць плошчу, выцясьняючы людзей. У 19:30 пачаліся затрыманьні. Сярод дзясяткаў затрыманых былі і журналісты Свабоды Алег Грузьдзіловіч, Андрэй Рабчык і Алесь Дашчынскі. Наш стрым сілавікі спынілі ў жывым эфіры.
- Праваабарончы цэнтар «Вясна» паведамляе пра больш як 260 затрыманых толькі на плошчы Незалежнасьці. СЬПІС ТУТ. Каля 100 чалавек выпусьцілі ўначы пасьля складаньня адмінстрацыйных пратаколаў за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі.
Пратэст у фота
Што адбылося сёньня раней
- Пікет мэдыкаў РНПЦ «Кардыялёгія», якія пратэставалі супраць звальненьня кіраўніка цэнтру, доктара мэдычных навук Аляксандра Мрочака. Раней ён падтрымаў пратэст супрацоўнікаў супраць гвалту сілавікоў.
- Жаночы «ланцуг салідарнасьці» каля Чырвонага касьцёла, які ўчора заблякаваў АМАП.