Новы старшыня Горадзенскага аблвыканкаму і былы міністар аховы здароўя Ўладзімер Каранік 26 жніўня прыяжджаў на найбуйнейшнае хімічнае прадпрыемства «Гродна Азот», каб пагаварыць з калектывам. Журналістаў на сустрэчу не пусьцілі, але ў Свабоды аказаўся аўдыёзапіс сустрэчы.
Работнікі гаварылі з кіраўніком вобласьці пра выхад людзей на вуліцы, «несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы», гвалт на вуліцах, вынікі выбараў, дзяржаўны і нацыянальны сьцягі, Аляксандра Лукашэнку з аўтаматам, каранавірус.
«Цішыні ня будзе, пакуль дзяржава не пачне выконваць свае законы»
Сустрэча пачалася з пытаньня, хто і як выконвае законы. Адзін з работнікаў «Азоту» заявіў пра фармалісцкае выкананьне законаў уладаю. Нагадаў пра выпадкі, калі людзі «проста гулялі па вуліцы», а іх білі да сіняга колеру скуры.
«Фармалісцкі падыход, то бок гэты закон не падабаецца, мы яго выконваць ня будзем?», — запытаўся Каранік.
«Цішыні ня будзе, пакуль дзяржава не пачне выконваць свае законы», — сказаў работнік, яму гучна запляскалі.
«Дык яна выконвае... Калі мы выбіраем, якія законы выконваць, якія не выконваць, зьяўляецца такая дваістасьць. Давайце ўсе пачнем выконваць закон. І не парушаць законы, калі вы асабістыя дадзеныя іншых людзей зьліваеце ў сеціва», — адказаў Каранік.
Яшчэ адзін удзельнік сустрэчы агучыў ліст ад буйных прадпрыемстваў краіны («Нафтан», Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод, «Магілёўхімвалакно», «Белшына», Гомельскі хімзавод) у адрас «Гродна Азоту».
«Што, вы такое ўнікальнае прадпрыемства тут? Усе нармальна працуюць, а ў вас асаблівая думка, асаблівыя патрабаваньні? Калі вы хочаце, як сказаў прэзыдэнт, быць асобнай „рэспублікай ШКІД“, выходзьце асобна, стварайце сваю працоўную партыю, адстойвайце свае інтарэсы ў законным парадку. Гэта першае. Па-другое, калі шчыра, людзі ўжо стаміліся, іншыя людзі, нармальныя, стаміліся, разумееце? Што, „Гродна Азот“ такое пакрыўджанае прадпрыемства, такія абвостраныя пачуцьці справядлівасьці ў вас, ва ўсіх, асобных, дакладней, не ва ўсіх?», — пытаўся ўдзельнік сустрэчы.
«Цярпелка скончылася ў людзей», — выкрыкнуў нехта з прысутных.
«Ніхто ўгаворваць тут не зьбіраецца. Мы прыехалі не ўгаворваць, мы прыехалі казаць праўду. Праўда такая, што ня будзеце па законе жыць і ствараць, будзе выкарыстаны іншы закон... Закон Рэспублікі Беларусь аб масавых мерапрыемствах з усімі наступствамі», — працягнуў выступоўца.
Людзі сталі абурацца.
Каранік адзначыў, што праз «гэтае баламучаньне» ахвотных зьвязвацца з «Азотам» становіцца менш.
«Ніякіх гарантыяў ураду пад вас няма... У нас з вамі галаўны боль, як, даруйце мне, 7 тысяч работнікаў зь сем’ямі, куды іх падзець і як іх карміць, затое астатнія пабегаюць», — выказаўся кіраўнік вобласьці.
«Усе або хадзілі па хлебчык, або, даруйце мне, проста стаялі ўбаку»
Начальнік аднаго з цэхаў «Азоту» Аляксей Мікалаевіч выказаў думку, што імідж страціў ня толькі «Гродна Азот», але і Рэспубліка Беларусь.
«Так?» — зьдзівіўся Каранік.
«Трэба прызнаць, што нейкая фальсыфікацыя на выбарах была, неапраўданая жорсткасьць дзяржаўных структураў таксама была. Чаму людзі ходзяць увесь час, вы не задавалі сабе такое...», — ня скончыў пытаньне Аляксей Мікалаевіч, бо начальнік вобласьці яго перабіў.
«Мы прывыклі, скажам так, да абагульненьня. Неапраўданая жорсткасьць дзяржаўных структураў. Гэта падмена паняцьцяў. Былі выпадкі перавышэньня сапраўды як бы асобнымі супрацоўнікамі. І тут у кожным выпадку трэба разьбірацца»,
Ён прывёў прыклад 16-гадовага падлетка, які трапіў у кому, і сказаў, маўляў той быў пад псыхатропамі, таму «атрымаў у морду».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каранік сказаў: у зьбітага падлетка, які быў у коме, — атручэньне псыхатропамі. Паводле даведак, гэта ня так«У нас усіх паслухаеш, усе або „хадзілі па хлебчык“, або, даруйце мне, проста стаялі ўбаку, пагуляць выйшлі. А тое, што апёкі ад сьвятлашумавой гранаты, дык гэта, даруйце мне, кінулі з машыны, што ехала міма. А тое, што сьвятлашумавыя гранаты выкарыстоўваліся толькі ў двух месцах і толькі ў першай лініі, аб гэтым усе ня ведаюць», — эмацыйна казаў Каранік.
На ягоную думку, сёньня можна або далей множыць крыўды, або супакоіцца і пачаць «нармальна працаваць і даць у спакойным рэжыме ўсім разабрацца».
«Хочаце, каб вас пачулі? Палітычныя патрабаваньні выказваюць палітычныя партыі, а, даруйце мне, ня вуліца і не страйкамы. Таму арганізуйцеся. Закон аб палітычных партыях стары як сьвет, ён дзейнічае. Арганізуйцеся, вызначцеся з кіраўніцтвам», — заахвочваў губэрнатар.
«І яго пасадзяць», — нягучна выказаўся нехта з залі.
«Вы ходзіце пад лёзунгамі, якія дае Nexta»
Аляксей Мікалаевіч працягнуў сваю прамову. На ягоную думку, людзі ходзяць, бо ўлада ня ідзе на дыялёг.
«Вы ходзіце пад лёзунгамі, якія дае Nexta. Нам зь Nexta размаўляць?», — запытаўся Каранік.
Ён задаваў калектыву пытаньні, з кім размаўляць, прасіў назваць прозьвішча, удакладняў, колькі чалавек тут сабралося.
«Потым прыйдзе яшчэ 300 чалавек, скажуць, чаго вы зь імі дамаўляліся? Мы ім не надавалі паўнамоцтваў. Вы зь імі гаварылі, вы зь імі і абмяркоўвайце. Мы тут ні пры чым. У нас іншыя патрабаваньні», — адказаў прадстаўнік улады.
«Нашыя газэты і тэлебачаньне паказвалі б, як пры Савецкім Саюзе „Лебядзінае возера“, было б больш сумленна. Чалавек каб зрабіў выбар, яму 2-3-4 пункты гледжаньня трэба прадставіць. У нас разумныя людзі, самі разьбяруцца», — гаварыў далей Аляксей Мікалаевіч.
На гэта Каранік сказаў, што ў Беларусі частка інфармацыйных рэсурсаў паказвае толькі адзін пункт гледжаньня, іншая — другі пункт гледжаньня, таму ў адной часткі краіны, паводле яго, — адна праўда, у другой — іншая праўда.
«А дзе нашыя дэпутаты?.. Нармальны дыялёг трэба», — сказаў яшчэ адзін удзельнік сустрэчы.
Каранік зноў стаў пытацца, з кім менавіта размаўляць.
«Даставаць з-пад пахі сьцягі, і махаць, і гарлаць»
Начальнік аднаго з участкаў Аляксандар Уладзімеравіч задаў пытаньне дэпутату, прысутнаму на сустрэчы. Ён сказаў, што ў яго 48 чалавек на ўчастку, і ён бы хацеў, каб па дарозе на працу ніхто не зьнікаў, ня быў затрыманы, каб начальнік мог плянаваць колькасьць людзей на працоўным месцы.
Каранік нагадаў, што напярэдадні затрымалі 32 «азотаўцы».
«Іншыя спакойна пайшлі дадому. Проста выпадкова так атрымалася», — працягнуў кіраўнік вобласьці.
Ён дадаў, што за мітынгі будуць затрымліваць, і прапанаваў начальніку ўчастку самому пагаварыць са сваімі работнікамі.
«У мяне таксама няма ўпэўненасьці, калі я выходжу ў краму, а я безь сям’і жыву, што я не атрымаю „па чайніку“. Ну няма ў мяне такой упэўненасьці. Так мы самі давялі сытуацыю да таго, што ў нас на вуліцах неспакойна стала», — адзначыў Каранік.
На ягоную думку, цяпер трэба ўсім супакоіцца і зьнізіць градус напружаньня.
«Калі ніхто ня будзе, даруйце, даставаць з-пад пахі сьцягі, і махаць, і гарлаць, ніхто іх чапаць ня будзе... Падабаецца — павесьце дома, ніякіх пытаньняў. Але ёсьць устаноўленая сымболіка. Ніхто ня кажа, што пад гэтым вёскі спальвалі... Мы пад цяперашнім сьцягам краіну з руіны паднялі, нават за гэта яго паважаць варта», — разважаў чыноўнік.
Яшчэ адзін з прысутных заявіў, што за цяперашнюю сымболіку «мы ўсе галасавалі», ён прапанаваў яшчэ раз правесьці ў краіне рэфэрэндум і яшчэ раз прыняць рашэньне аб сымболіцы.
«Давайце на ўладу яшчэ запішам адсутнасьць зімы, пацяпленьне клімату і абмяленьне Нёмана»
Іншы ўдзельнік сустрэчы зьвярнуў увагу на тое, што людзі масава зьяжджаюць за мяжу ня толькі працаваць, але і жыць пастаянна, што скарачаюцца працоўныя месцы ў Беларусі, што памяншаюцца заробкі, што грошы прыносяць лічаныя прадпрыемствы, зьвярнуў увагу на экалёгію — высякаюць лясы, што робіцца з рэкамі, азёрамі, неўзабаве будзе пустэльня.
«Людзі на выбарах зрабілі выбар, што трэба нешта зьмяняць. Хочацца жыць тут, на гэтай зямлі. Нас ня чуюць», — сказаў работнік.
«Гэта ваш уласны пункт гледжаньня», — перабіў яго Каранік.
З залі зноў выказалі патрабаваньне сумленных выбараў.
Каранік заклікаў разглядаць кожную сытуацыю асобна, зноў узгадаў Nexta, які «сядзіць у Варшаве і нечага дамагаецца звонку», пачаў казаць пра ПВТ, сказаў, што, калі зьедуць распрацоўнікі, то «накрыецца і IT».
«Мы сёньня ў спакойным рэжыме спрабуем пабудаваць новы завод, каб стварыць новыя працоўныя месцы», — заявіў Каранік.
Адзін з работнікаў заўважыў, што раней было шмат ахвочых уладкавацца на «Азот», цяпер на заводзе шмат вакансіяў. Каранік патлумачыў гэта тым, што сярэдні заробак на «Азоце» 1400 рублёў, а на тытунёвай фабрыцы — больш за 2 тысячы.
«У вас няма спэцыялістаў, бо ў вас эканомікі няма, і яе ня будзе далей», — працягнуў кіраўнік вобласьці.
Наконт экалягічнага стану Каранік адказаў, што ён апошнім часам палепшыўся.
«Прычым тут мы? Давайце на ўладу яшчэ запішам адсутнасьць зімы, пацяпленьне клімату і абмяленьне Нёмана. Улада вінаватая ў абмяленьні Нёмана?» — абурыўся чыноўнік.
«Незьмяняльнасьць улады», — адказалі з залі.
«Каб не баламуціць калектыў, ну ня трэба ў спэцоўцы хадзіць»
Яшчэ адзін начальнік цэху пачаў казаць пра 9 жніўня, затрыманьні, пра тое, што калі б афіцыйна Лукашэнка атрымаў 55% галасоў, то людзі б так не абураліся.
«Колькі плятформа „Голас“ паказала за Аляксандра Рыгоравіча? 63%, па-мойму?» — перабіў яго Каранік.
У залі засьмяяліся.
Мужчына далей гаварыў пра зьдзекі, пра тое, што яго знаёмага моцна зьбілі і ён увесь сіні, яшчэ адной жанчыне засунулі дручок так, што яна ня зможа болей нараджаць. Каранік абурыўся і сказаў, што такіх пацыентак не было, што ён мае пайменны сьпіс усіх пацярпелых пацыентаў. На пытаньне з залі, ці і загінулых можа не было, адказаў, што быў адзін памерлы і двое загінулых.
Людзі пачалі зноў гучна абурацца, кажучы пра зьбітых.
«Асноўная задача — прыбраць гэтыя эмоцыі... Калі нехта хоча выступіць у вызначаных месцах, падавайце заяўку, яе разгледзяць станоўча. Па дарозе з працы, на працу чапаць ня будуць. Але калі нехта „засьвеціцца“ на мітынгу і там яго забяруць — не крыўдуйце. Мая парада, каб не баламуціць калектыў, ну ня трэба ў спэцоўцы хадзіць, каб выказваць — „увесь „Азот“ з вамі“. Увесь або ня ўвесь — гэта справа кожнага. Свой пункт гледжаньня можаце выказаць, пункт гледжаньня ўсяго прадпрыемства — трэба мець паўнамоцтвы», — выказаўся кіраўнік вобласьці.
Ён заявіў, што інфармацыйную вайну прайграла ўлада, бо АНТ і БТ не пасьпяваюць за тэлеграм-каналамі, «у якіх столькі фэйкаў».
Што Каранік адказаў на пытаньне пра Лукашэнку з аўтаматам
Чарговае пытаньне тычылася прэзыдэнта з аўтаматам, пытаньне сустрэлі воплескамі.
«На сёньняшні момант мы зноў вяртаемся да таго, што вакол гэтай сытуацыі вельмі шмат эмацыйнага. Эмоцыі, даруйце мне, да дабра не давядуць... Я не магу гаварыць з сваімі калегамі-дактарамі, бо там адны эмоцыі... Чым раней мы ўсе ўключым мазгі, чым далей мы адыдзем ад краю, тады ў нас зьявіцца магчымасьць ствараць партыі, выпрацоўваць праграмы, абмяркоўваць, якія мы хочам бачыць зьмены... Калі мы працягнем маршам ісьці туды, куды мы ідзем, гэта будзе ўжо нікому не цікава. Усім будзе цікава, дзе зарабіць грошы, куды зьехаць, дзе знайсьці працу і ўвогуле як плаціць за крэдыты і як карміць сваю сям’ю... Чаго ўжо на пажарышчы абмяркоўваць, якую супрацьпажарную сыгналізацыю ставіць?» — адказаў Каранік на пытаньне пра Лукашэнку з аўтаматам.
Апошняе пытаньне да Караніка тычылася таго, ці быў у краіне каранавірус.
«Вядома, быў. Гэтае пытаньне падымалася, і ня раз. Давайце ня будзем скажаць факты. Гэта агучвалася, і тое, што перамаглі, мэдыкі ўзнагароджаныя былі. І пытаньне падымалася пра тое, што трэба абараніць старых. Давайце зробім так. Я папрашу прэс-службу, па старой памяці, Міністэрства аховы здароўя падняць усе ролікі, дзе гэта згадвалася, і я тады вам перадам флэшку, каб вы паглядзелі, дзе былі выпадкі, калі кіраўніцтва ва ўладзе прызнавалася, што ў нас ёсьць каранавірус, і расьпісваліся захады бясьпекі», — сказаў былы міністар аховы здароўя.
«Трактар, масла», — пачаў пералічваць нехта з залі.