Пра што прамаўчаў Лукашэнка, але сказаў Пуцін

Галоўная навіна, якую агучыў прэзыдэнт Расеі ў сёньняшнім інтэрвію тэлеканалу «Россия-24», — стварэньне рэзэрвы з супрацоўнікаў праваахоўных органаў для дапамогі Аляксандру Лукашэнку на выпадак, калі «сытуацыя ў Беларусі выйдзе з-пад кантролю». Гэта, паводле Пуціна, захоп адміністрацыйных будынкаў, банкаў, іншыя гвалтоўныя дзеяньні.

Гэта папярэджаньне, што калі пратэсты ў Беларусі набудуць больш рашучыя формы, ня выключана і наўпроставае расейскае сілавое ўмяшаньне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін: сфармаваная рэзэрва супрацоўнікаў праваахоўных органаў для дапамогі Беларусі

Разам з тым Пуцін адзначыў, што калі людзі выходзяць на вуліцы, гэта азначае, што праблема існуе. Ён не паўтарыў тэзы беларускай прапаганды, што гэта толькі спроба ўчыніць дзяржаўны пераварот, зладжаная «крымінальнікамі, наркаманамі і прастытуткамі». Аднак, на яго думку, вырашэньне гэтай рэальнай праблемы ляжыць у рэчышчы прапановы Аляксандра Лукашэнкі — прыняцьця новай Канстытуцыі. Пры гэтым Пуцін сказаў, што наступствам рэформы будуць новыя парлямэнцкія і прэзыдэнцкія выбары, чаго наўпрост не гаварыў Лукашэнка.

Пуцін салідарызаваўся з ацэнкай Канстытуцыйнага суду Беларусі, які прызнаў дзейнасьць Каардынацыйнай рады неканстытуцыйнаю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Давайце возьмемся за Канстытуцыю, уносьце прапановы». Лукашэнка патлумачыў, з кім гатовы да дыялёгу

Пазыцыя прэзыдэнта Расеі наконт тых зьверстваў, якія тварыліся ў Беларусі ў першыя дні пасьля выбараў, цалкам супала з пазыцыяй беларускіх уладаў. Інтэрвіюер нават заікнуўся менавіта пра першыя дні, а ў адказ пачуў — беларускія праваахоўныя органы паводзяць сябе стрымана, вы паглядзіце, што на Захадзе творыцца. Дакладна гэтак жа адказваў на такое пытаньне і кіраўнік МУС Беларусі Юры Караеў.

Інцыдэнту з затрыманьнем у Беларусі «вагнэраўцаў» была дадзеная інтэрпрэтацыя, спрыяльная для беларускага боку — іх туды заманілі, зацягнулі, гэта спэцапэрацыя ўкраінскіх і амэрыканскіх спэцслужбаў. Той момант, што кінулі за краты людзей, якія ня мелі пры сабе зброі і нічога пагрозьлівага не рабілі, усё ж беларускія, а не якія іншыя, спэцслужбы, застаўся па-за межамі пуцінскай інтэрпрэтацыі. Лукашэнку гэта даравана.

Тэма несправядлівых, сфальшаваных выбараў у Беларусі таксама не знайшла адлюстраваньня ў інтэрвію. У Беларусі, паводле Пуціна, ёсьць праблема. У чым яна палягае, ён не патлумачыў.

Ну і тэма нейкага паразуменьня Расеі з Захадам наконт Беларусі, спадзеў на якое выказала, у прыватнасьці, Сьвятлана Алексіевіч, не знайшла адбітку ў інтэрвію прэзыдэнта Расеі.

Захад умешваецца ва ўнутраныя справы Беларусі, хоча ўплываць на працэсы, каб яны ішлі ў яго інтарэсах, — вось і ўсё паразуменьне.

Іншымі словамі, пазыцыя Крамля — поўная падтрымка Лукашэнкі ў выпадку, калі беларускі народ захоча адхіліць Лукашэнку ад улады сілай, Лукашэнка атрымае і сілавую падтрымку, але паліцэйскую, а не вайсковую. Вырашэньне праблемы ў Беларусі, наяўнасьць якой Пуцін прызнае, у канстытуцыйнай рэформе, якую прапаноўвае Лукашэнка. Суразмоўцаў для абмеркаваньня шляхоў гэтай рэформы Лукашэнка можа выбіраць сам, пры гэтым, на думку Пуціна, Каардынацыйная рада такім суразмоўцам не зьяўляецца.