Намесьнік міністра спорту Аляксандар Баравуля сустрэўся зь лёгкаатлетамі. Многія зь іх падпісалі адкрыты ліст да кіраўніцтва краіны з патрабаваньнем правесьці сумленныя выбары і спыніць гвалт.
Сустрэча праходзіла ў Рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі ў лёгкай атлетыцы. Журналістаў у залю не пусьцілі. Сабралася практычна ўся нацыянальная каманда Беларусі. На вуліцы падтрымаць спартоўцаў выйшлі заўзятары, якія выгукалі «Спартоўцы з народам!», «Верым, можам, пераможам!».
У кулюарах стала вядома, што спартоўцаў прасілі заставацца адной камандай і не разбураць створанае, перадае карэспандэнт Свабоды. Намесьніца старшыні Беларускай фэдэрацыі лёгкай атлетыкі Марыя Каласоўская заклікала надалей займацца падрыхтоўкай да Алімпійскіх гульняў. Сказала, што ўсім зараз хочацца, каб «было як раней».
Зь яе словаў, кожны мае сваю пазыцыю, але трэба рабіць тое, «у чым мы разьбіраемся». Калі застанемся камандай, падтрымаем Вадзіма Дзевятоўскага, падсумавала яна.
Кіраўнік фэдэрацыі трапіў у шпіталь пасьля таго, як напісаў у Фэйсбуку, што Лукашэнка — не ягоны прэзыдэнт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы кідальнік молата і экс-дэпутат Палаты прадстаўнікоў Дзевятоўскі заявіў, што Лукашэнка не ягоны прэзыдэнт
28 жніўня каля сталічнай «Менск-Арэны» заплянаваны мітынг спартоўцаў за Лукашэнку. На яго мабілізуюць усіх — ад трэнэраў да масажыстаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Абсалютная крывадушнасьць — жыць у краіне і нічога не зрабіць для перамен», — чэмпіёнка сьвету і Эўропы Марына Арзамасава