Афіцыйная прычына — прагулы.
Прэсавы сакратар страйкаму «Беларуськалію» Глеб Сандрас выклаў у інтэрнэт загад аб ягоным звальненьні «за прагулы».
«Загад цалкам незаконны. Нас гэтак усіх спрабуюць запалохаць і спыніць страйк. Ведаю яшчэ пра чатыры падобныя выпадкі звальненьня ўдзельнікаў страйку на маім 1-м рудаўпраўленьні. Калі не скасуюць загад, будзем падаваць у суд», — сказаў Свабодзе Глеб Сандрас.
Працаўнік «Беларуськалію» патлумачыў, чаму лічыць загад аб звальненьні незаконным.
«Залічылі ў прагулы дні зь мінулай серады, у якія я страйкаваў, як нібыта адгулы. Хаця страйкам папярэдзіў, што пачаў забастоўку, бо не выконваюць нашыя патрабаваньні. І галоўнае: паводле закону немагчыма звольніць працаўніка за прагулы, ня ўзяўшы ў яго тлумачэньняў. А мяне не апытвалі, ніхто з маіх кіраўнікоў нават не пацікавіўся, чаму мяне не было на працоўным месцы. І гэта парушэньне закону. Таму я лічу звальненьне незаконным, і калі яго не скасуюць, зьвярнуся ў суд», — сказаў Глеб Сандрас.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Месячны плян ужо сарваны». Што адбываецца на «Беларуськаліі» праз тыдзень пасьля пачатку страйкуПаводле зьвестак Глеба Сандраса, у сувязі са звальненьнем некалькіх удзельнікаў страйку і пазбаўленьнем страйкоўцаў прэміі, якая выплачваецца да Дня шахтара, Незалежны прафсаюз гарнякоў Белкалія рыхтуе прадстаўленьне ў адміністрацыю прадпрыемства аб парушэньні адміністрацыяй калектыўнае дамовы.
«Таксама рыхтуецца заява аб тым, што прафсаюз усімі законнымі захадамі будзе адстойваць правы працаўнікоў, якія зьведалі спагнаньні і звальненьне», — паведаміў Глеб Сандрас.
Паводле зьвестак Глеба Сандраса, 25 жніўня на пляцоўках 1-га рудаўпраўленьня не працавалі 23 рабочыя, сёньня ў сьпісе страйкоўцаў 20 прозьвішчаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Найбуйнейшы пакупнік калійнай солі ў Нарвэгіі шакаваны перасьледам супрацоўнікаў «Беларуськалію» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 19-ы дзень пратэстаў. Калесьнікава ідзе ў СК. Макей склікаў паслоў. Што адбываецца ў Беларусі