У РНПЦ кардыялёгіі зьбіраюць подпісы пад калектыўнай заявай у адміністрацыю прэзыдэнта, у Савет Міністраў і міністэрства аховы здароўя, у прафсаюз работнікаў аховы здароўя з патрабаваньнем не звальняць з пасады дырэктара РНПЦ Аляксандра Мрочака.
Апоўдні чакаецца прыезд у РНПЦ выканаўцы абавязкаў міністра аховы здароўя Піневіча.
Учора Мрочаку ў міністэрстве прапанавалі напісаць заяву аб звальненьні на ўласнае жаданьне. Мрочак адмовіўся. Ад панядзелка яго запрашалі розныя чыноўнікі і настойвалі, каб ён сышоў добраахвотна.
Яго вінавацяць у тым, што ен ня змог утрымаць калектыў і не забараніў людзям выказваць грамадзянскую пазыцыю наконт сытуацыі ў краіне.
Паводле яго калегаў, учора зьявілася інфармацыя, што Мрочака хочуць звольніць па артыкуле, але як гэта будзе, невядома.
Сёньня супрацоўнікі сабраліся ў кабінэце Мрочака, чакалі яго на працы. У гэты час патэлефанаваў Піневіч і сказаў, каб дырэктар рыхтаваўся разьвітвацца з калектывам. Мрочака запрасілі ў міністэрства.
Дырэктар прапанаваў Піневічу, каб ён сам прыехаў у РНПЦ і сказаў гэта калектыву.
Цяпер чакаецца прыезд Піневіча ў РНПЦ. Цягам 2 тыдняў калектыў цэнтру выказваў сваю пазыцыю супраць гвалту, за правядзеньне сумленных выбараў, выходзіў на «ланцугі салідарнасьці» ў непрацоўны час.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля пратэстаў мэдыкаў міністэрства здароўя звольніла дырэктара НРПЦ «Кардыялёгія»