Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч зрабіў заяву ў сувязі з інцыдэнтам з удзелам супрацоўнікаў сілавых структураў на тэрыторыі Чырвонага касьцёла, паведамляе Catholic.by.
«Знаходзячы за мяжою, я зь вялікім болем успрыняў скупыя зьвесткі пра блякаваньне ўзброенымі байцамі АМАПу ўваходу і выхаду ў менскім Чырвоным касьцёле, што мела месца 26 жніўня.
У адпаведнасьці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусі людзі маюць права маліцца, свабодна заходзячы для гэтага ў касьцёл і бесьперашкодна выходзячы зь яго. Блякаваньне выхадаў сьвятыні і стварэньне перашкоды для свабоднага ўваходу і выхаду людзей зьяўляецца грубым парушэньнем правоў вернікаў і свабоды веравызнаньня.
У сувязі з гэтым інцыдэнтам я цалкам падтрымліваю зробленую ў маю адсутнасьць заяву генэральнага вікарыя Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Юрыя Касабуцкага і як старшыня Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі заяўляю свой рашучы пратэст супраць неправамерных дзеяньняў сілавых структураў, якія паводле свайго прызначэньня пакліканы абараняць асноўныя правы грамадзянаў, у тым ліку і права на свабоду веравызнаньня, а не перашкаджаць у іх рэалізацыі, гарантаванай заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.
Неадэкватныя і супрацьпраўныя дзеяньні, якія мелі месца на тэрыторыі касьцёла сьвятога Сымона і сьвятой Алены, павінны быць расьсьледаваны, а вінаватыя панесьці пакараньне ў адпаведнасьці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусі.
Гэтыя і падобныя дзеяньні супрацоўнікаў сілавых структураў не спрыяюць зьняцьцю напружанасьці дзеля хутчэйшага ўсталяваньня міру і згоды ў беларускім грамадзтве ў той час, калі Каталіцкі Касьцёл заклікае да прымірэньня і дыялёгу з мэтаю вырашэньня нябачанага ў нашай краіне сацыяльна-палітычнага канфлікту», — напісаў мітрапаліт менска-магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску затрыманьні, АМАП заблякаваў людзей у Чырвоным касьцёле. Каталіцкі біскуп заявіў пратэст сілавікамУвечары 26 жніўня на плошчы Незалежнасьці сабраліся некалькі сотняў чалавек. Сілавікі заблякавалі ў Чырвоным касьцёле каля 100 чалавек. Касьцёл зноў адчынілі толькі праз 30–40 хвілін.
Генэральны вікарый Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юры Касабуцкі заявіў пратэст у сувязі зь дзеяньнямі сілавікоў, якія заблякавалі ўваход і выхад у Чырвоны касьцёл, паведамляе Сatholic.by, і папярэдзіў улады Беларусі і кіраўніцтва сілавых структураў, што падобныя дзеяньні — «недапушчальныя і незаконныя».
«Касьцёл зьяўляецца сьвятыняй Бога, якую могуць свабодна наведваць усе жадаючыя. Блякаваньне ўваходу і выхаду людзей супярэчыць гарантаванаму Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусі праву грамадзянаў на свабоду сумленьня і веравызнаньня, абражае пачуцьці вернікаў і выходзіць за межы законаў чалавечых і Божых», — заявіў біскуп Юры Касабуцкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрыманьні ў Менску і Берасьці, блякаваньне інтэрнэту, допыт Алексіевіч у Сьледчым камітэце. Найважнейшае за 26 жніўня