Падчас сустрэчы з рабочымі на «Гродна Азоце» 26 жніўня старшыня гарадзенскага аблвыканкаму і былы міністар аховы здароўя Ўладзімер Каранік сказаў, што 16-гадовы падлетак, які ляжаў у коме ў 3-м дзіцячым шпіталі Менску, «потым выйшаў на псыхоз», і ў яго «паводле клінікі — атручэньне псыхатропамі». Аднак, паводле адваката падлетка Станіслава Абразея і паводле зьвестак з эпікрызу і даведак, якія мае Tut.by, ні алькаголю, ні наркатычных рэчываў у арганізьме хлопца не было.
Журналістам не дазволілі прысутнічаць на сустрэчы, пасьля гутаркі з работнікамі заводу Ўладзімер Каранік адмовіўся ад размовы з прэсай. Але Tut.by атрымаў аўдыёзапіс сустрэчы.
Адказваючы на пытаньне пра неапраўданую жорсткасьць дзяржаўных структураў, Каранік сказаў:
«Выбачайце, можна адразу ў рэжыме дыскусіі, разумееце, мы прызвычаіліся, скажам так, да абагульненьняў — „неапраўданая жорсткасьць дзяржаўных структураў“, але гэта падмена паняцьцяў. Былі выпадкі перавышэньня як бы, сапраўды, асобных супрацоўнікаў, і тут у кожным выпадку трэба разьбірацца.
Калі ўсе расказваюць пра тое, што ўсе белыя і пухнатыя, калі мы бачым фэйкі, прабачце мне, пра тое, што бедны, 16 гадоў, зьбіты да паўсьмерці, у коме ляжыць у 3-м дзіцячым шпіталі Менску, памятаеце гэта? А я ведаю, бо на кансыліюмы выяжджалі: пералом сківічнай косткі ёсьць, сутаргавы сындром незразумела чаго, чэрап цэлы, сінякоў на галаве няма, МРТ чыстая (далей неразборліва). Потым зьнялі, потым выйшаў на псыхоз, паводле клінікі — атручэньне псыхатропамі. Ну, натуральна, у морду атрымаў, прабачце, у твар атрымаў, пералом сківічнай косткі ёсьць, але іншых сінякоў няма ніводнага, а ўсюды было „зьбіты да паўсьмерці“.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ніхто не расьсьледуе справу 16-гадовага хлопца, які трапіў у кому пасьля Партызанскага РУУСНа сёньняшні момант у кожным выпадку трэба разабрацца, але разабрацца не калі ўсе на эмоцыях бегаюць. У нас усіх паслухаць — усе альбо хадзілі па хлебчык, альбо, прабачце мне, проста стаялі ў баку, пагуляць выйшлі. А тое, што апёкі ад сьвятлашумавай гранаты, — дык гэта, прабачце мне, кінулі з машыны, што побач праяжджала. А тое, што сьвятлашумавыя гранаты прымяняліся толькі ў двух месцах і толькі ў першай лініі, пра гэта ўсе ня ведаюць.
Бацькі расказваюць: дзіця проста выйшла. Таму на сёньняшні момант можам далей пладзіць крыўды, але, па-мойму, правільней супакоіцца, пачаць нармальна працаваць і даць у спакойным рэжыме ўсім разабрацца, што адбылося.
Хочаце, каб вас пачулі, — палітычныя патрабаваньні выказваюць палітычныя партыі, а, прабачце мне, ня вуліца і не страйкамы. Таму арганізоўвайцеся, закон, прабачце, пра палітычныя партыі стары як сьвет, і ён дзейны, арганізоўвайцеся, вызначцеся з кіраўніцтвам, з палітрадай, каб было зразумела, з кім размаўляць увогуле», — сказаў Каранік.
Ішлося, імаверна, пра 16-гадовага Цімура М. У рэанімацыю 3-га дзіцячага шпіталя яго прывезьлі з Партызанскага РУУС 13 жніўня, а 12 жніўня затрымалі ў раёне Каменнай Горкі. Хлопец быў у мэдыкамэнтознай коме, ён вельмі моцна зьбіты, у яго былі чэрапна-мазгавая траўма, страсеньне галаўнога мозгу, адкрыты пералом сківічна-арбітальнага комплексу, сутаргавы сындром, параарбітальная гематома справа, множныя ўдары мяккіх тканак і канцавін, траўматычныя эрозіі празарок абодвух вачэй.
Як апавёў адвакат Цімура Станіслаў Абразей, пры паступленьні ў шпіталь у арганізьме хлопца не было ні алькаголю, ні наркатычных рэчываў.
«Гэта не пазначана ў эпікрызе, ні ў адной з даведак, ні ў гісторыі хваробы. Больш за тое, у нас ёсьць даведка і заключэньне, дзе напісана, што ў арганізьме ня выяўленыя ні наркотыкі, ні псыхатропныя рэчывы, на якія праводзіўся тэст. Калі чалавек трапляе з траўмамі ў шпіталь, яму бяруць кроў і правяраюць, ці няма алькагольнага ап’яненьня і гэтак далей, каб, калі будуць наступствы і працяг гісторыі, гэты факт быў выяўлены. Тут пратакол у мэдычнай частцы быў дапільнаваны, кроў бралі і прааналізавалі».
У эпікрызе Цімура пазначана, што 13 жніўня з 12:51 быў кансыліюм (падлетак паступіў у шпіталь у 2:50 таго дня) і ў частцы абʼектыўных дадзеных адзначана, што паводле вынікаў лябараторнага дасьледаваньня дадзеных пра атручэньне няма (наркатычныя, псыхатропныя, таксычныя рэчывы ня выяўлены).
У лябараторным дасьледаваньні таксама ня выявілі ў крыві этылавага сьпірту. Вынікі дасьледаваньня мачы на наяўнасьць наркатычных, псыхатропных, таксычных або іншых дурманных рэчываў таксама адмоўныя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦА