Былы дырэктар Купалаўскага тэатру і сябар прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Павал Латушка пракамэнтаваў масавыя звальненьні актораў, рэжысэраў і іншых супрацоўнікаў тэатру.
«Няма дзяржавы, няма краіны, няма нацыі без сваёй культуры. Як казаў Максім Гарэцкі, тэатар — храм нацыянальнага адраджэньня. Звальненьне актораў і супрацоўнікаў Купалаўскага — гэта не параза народу, не параза нацыі, гэта параза тых, хто ня ўмее слухаць, ня ўмее чуць. Можна прымусіць маўчаць, але спыніць думкі — немагчыма. Гэта нібы спроба паставіць на калені беларускую культуру», — сказаў Павал Латушка.
Паводле яго, грамадзянскі ўчынак купалаўцаў «дэманструе годнасьць беларускага народу і кажа, што гонар быць беларусам — найвялікшая каштоўнасьць».
«Купалаўцы ня здрадзілі традыцыям, ня здрадзілі сумленьню. Зьвяртаюся да ўсёй беларускай грамадзкасьці: давайце разам скажам на ўсю Беларусь, на ўвесь сьвет: мы — купалаўцы! І мы абавязкова вернемся!».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Больш за палову трупы Купалаўскага тэатру звольнілі, не засталося ніводнага рэжысэра. Сьпіс звольненыхРаней прэсавы сакратар Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы Мікалай Заяц паведаміў Свабодзе, што сёньня звольнілі 58 актораў і супрацоўнікаў тэатру.
Усяго ў тэатры працуе каля 250 чалавек. Ад заўтрашняга дня становіцца менш на 58. Актораў у тэатры — 57, зь іх звольніліся 36. Яшчэ некалькі артыстаў пададуць свае заявы бліжэйшым часам. У тэатры не застаецца ніводнага рэжысэра.
Калі ў тэатры адновяцца пастаноўкі, пачнецца новы сэзон, цяпер няясна. Невядома таксама, што будзе з адзначэньнем 100-гадовага юбілею тэатру, якое раней заплянавалі на 14–16 верасьня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Галоўны дырыжор сышоў з Опэрнага тэатру праз два дні пасьля прызначэньня. Прычына — падтрымка Купалаўскага?17 жніўня звольнілі дырэктара Купалаўскага тэатру Паўла Латушку, які ўзяў удзел у «Маршы Свабоды». У адказ больш за 100 чалавек уключна з акторскім складам падалі заявы на звальненьне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Павал Латушка пракамэнтаваў захоп Купалаўскага тэатру сілавікамі