Прэзыдэнт Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Рык Даемс, а таксама старшыня Камітэту міністраў Мілціадзіс Варвіціоціс і генсакратар Рады Эўропы Марыя Пейчыновіч-Бурыч выступілі з сумеснай заявай па сытуацыі ў Беларусі. Заява апублікаваная на афіцыйным сайце арганізацыі.
Кіраўніцтва Рады Эўропы заклікала ўлады Беларусі неадкладна пачаць «шырокі і інклюзіўны нацыянальны дыялёг з уцягваньнем грамадзянскай супольнасьці», каб мірна вырашыць цяперашні крызіс у краіне і «забясьпечыць магчымасьць правядзеньня неабходных рэформаў у інтарэсах усіх грамадзян Беларусі».
У заяве таксама падкрэсьліваецца, што ў Беларусі павінны
- неадкладна вызваліць усіх затрыманых удзельнікаў акцый пратэсту,
- спыніць любое жорсткае абыходжаньне з грамадзянамі,
- правесьці празрыстае расьсьледаваньне ўсіх выпадкаў жорсткасьці з боку сілавікоў.
«Легітымнасьць ня можа зыходзіць з рэпрэсій. Яна зыходзіць з вольнага, справядлівага і заснаванага на вяршэнстве закону выбарчага працэсу», — падкрэсьліваецца ў заяве.
У ёй адзначаецца, што Беларусь пакуль не зьяўляецца сябрам Рады Эўропы, але далучылася да шэрагу яе дамоваў і пратаколаў, і ў Радзе Эўропы хочуць, каб Беларусь стала паўнапраўным яе сябрам.
Таму Рада Эўропы «гатовая працаваць над рэалізацыяй пляну дзеяньняў па збліжэньні беларускага заканадаўства з эўрапейскімі дэмакратычнымі стандартамі» і падтрымаць такі дыялёг у супрацоўніцтве зь іншымі міжнароднымі партнэрамі, у прыватнасьці — падтрымаць неабходныя канстытуцыйныя рэформы, гаворыцца ў заяве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Макей заявіў, што Беларусь гатовая да дыялёгу з Эўропай, але «без пагрозаў і ўмяшаньня»