Пісьменьнік і гісторык Уладзімер Арлоў лічыць, што адбылося канчатковае дафармаваньне беларускай нацыі. Падзеі апошняга месяца ў Беларусі ён называе «жнівеньскай рэвалюцыяй».
У жывым эфіры Радыё Свабода Ўладзімер Арлоў заявіў, што «можна з абсалютнай пэўнасьцю сказаць сёньня — адбылося канчатковае дафармаваньне беларускай нацыі».
«Улада спрабавала штучна запаволіць гэты працэс. Але падзеі апошніх месяцаў сыгралі супраць улады, іхняя палітыка толькі паскорыла гэты працэс. І мы ўбачылі сьпелую эўрапейскую нацыю. Пра гэта сьведчаць мірныя пратэсты і безьліч іншых прыкладаў. Падчас пратэстаў адбыўся стыхійны народны рэфэрэндум аб вяртаньні нашай нацыянальнай сымболікі. Вокліч „Жыве Беларусь!“, у якім у максымальна ляпідарнай форме фармулюецца сёньняшняя беларуская нацыянальная ідэя, вельмі сугучны з паролем паўстанцаў Каліноўскага „Каго любіш? — Люблю Беларусь. — То ўзаемна“», — лічыць літаратар.
Паводле яго, прадвесьцем цяперашніх падзеяў у Беларусі было пахаваньне парэшткаў Кастуся Каліноўскага і яго паплечнікаў-паўстанцаў у лістападзе 2019 году ў Вільні.
«Калі туды прыехалі тысячы беларусаў, луналі тысячы сьцягоў. Я тады падумаў: калі мы ўбачым столькі сьцягоў на вуліцах Менску? Прайшло некалькі месяцаў — і мы іх убачылі. І гэта сьведчаньне таго, што мы, беларусы, зноў сталі эўрапейскай нацыяй. На працягу стагодзьдзяў мы знаходзіліся ва ўлоньні эўрапейскай цывілізацыі, культуры. Адтуль нас вырвала расейская акупацыя канца XVIII стагодзьдзя. Цяпер мы вяртаемся як эўрапейскі народ».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нацыя беларусаў закончыла фармаваньне. На чарзе — перамога беларускай мовы
Цяперашнія пратэсты ў Беларусі супраць улады Аляксандра Лукашэнкі ён назваў «жнівеньскай рэвалюцыяй».
«Мне бачацца аналёгіі з Аксамітнай рэвалюцыяй у Чэхаславаччыне. Але ёсьць і нюансы. Я бачу, што беларускай нацыі супрацьстаіць даволі маналітны дзяржаўны апарат, дзе людзей зь верху да нізу не абіраюць, а прызначаюць. І цяпер яны ня проста трымаюцца за гэтыя пасады, але ўжо і павязаныя крывёй», — кажа Ўладзімер Арлоў.
Паводле яго, прадказаць бліжэйшыя падзеі «даволі цяжка», але ён прадбачыць нарастаньне пратэстаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ня трэба шукаць нацыянальнай ідэі. Ёсьць толькі адна альтэрнатыва Лукашэнку — бел-чырвона-белаяГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Арлоў пра выклік Алексіевіч у СК: У іншых краінах улада раіцца з нобэлеўскім ляўрэатам, а ў нас выклікаюць на допыт
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці стала Беларусь незалежнай? Уладзімер Арлоў параўноўвае краіну 1990 і 2019 гадоў