25 жніўня ў Менску і іншых гарадах Беларусі працягнуліся затрыманьні ўдзельнікаў мірных масавых акцый, а таксама людзей зь бел-чырвона белымі сьцягамі, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».
Менск
У Менску затрымалі:
- Максіма Шульскага (затрымалі каля будынку Міністэрства адукацыі, дзе праходзіла акцыя настаўнікаў, павезьлі ў РУУС Маскоўскага раёну),
- Дзьмітрыя Аляксандрава (лекар-анколяг, затрымалі пасьля акцыі ля Мінадукацыі, цяпер у ізалятары часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна да суду),
- Марка Вайтовіча (пасьля акцыі каля Міністэрства адукацыі, у РУУС Маскоўскага раёну, пераводзяць у ІЧУ),
- Канстанціна Пажарскага (у ізалятары часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна да суду),
- Данііла Шафрана (каля ГЦ «Сталіца» зь бел-чырвона-белым сьцягам, па тэлефоне сказаў сваякам, што ён у РУУС Маскоўскага раёну, аднак у РУУС не пацьвердзілі),
- Аляксея Міхайлава (затрымалі пасьля акцыі на плошчы Незалежнасьці, калі ішоў да машыны зь бел-чырвона-белым сьцягам),
- Арцёма Ісачанку (пасьля акцыі на плошчы Незалежнасьці, амапаўцы выцягнулі з таксоўкі),
- Ільлю Амельчанку (каля плошчы Незалежнасьці; у РУУС Ленінскага раёну),
- Андрэя Сташкевіча (каля Галоўпаштамту; у РУУС Кастрычніцкага раёну),
- Антона Цундэра (пасьля акцыі на плошчы Незалежнасьці),
- Ігара Абрубава (каля плошчы Незалежнасьці),
- Івана Сінкаўца (РУУС Маскоўскага раёну),
- Сяргея (прозьвішча ўдакладняецца, затрымалі каля плошчы Незалежнасьці, у РУУС Ленінскага раёну).
Таксама стала вядома, што зь вечара 24 жніўня перастаў выходзіць на сувязь работнік МТЗ Максім Мітуневіч. Вядома, што ён удзельнічаў у страйку і мітынгах.
Горадня
У Горадні затрымалі 28 супрацоўнікаў «Гродна Азот», калі яны ішлі па горадзе з працы. Іх завезьлі ў ізалятар на вуліцы Гая. Пад ізалятар прыйшлі каля 500 гарадзенцаў. Хутка супрацоўнікаў адпусьцілі, але АМАП пачаў затрымліваць тых, хто прыйшоў падтрымаць іх. Відавочцы кажуць пра зьбітага хлопца, якога грузілі ў аўтазак. Падрабязнасьці высьвятляюцца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Горадні затрымалі 28 работнікаў «Гродна Азот», калі яны ішлі па горадзе з працыТаксама ў Горадні ў тралейбусе затрымалі актывіста Яўгена Дудкіна. Ён быў каля РАУС зь бел-чырвона-белым сьцягам.
Гомель
У Гомлі падчас вечаровага шэсьця затрымалі актывіста, экс-прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Беларусі Ўладзімера Няпомняшчых.
Бабруйск
У Бабруйску затрымалі мужа журналісткі «Вечернего Бобруйска» Ірыны Хамрэнка-Ушаковай Івана Хамрэнку. Яны былі на ланцугу салідарнасьці каля ГЦ «Карусель». Цяпер Іван Хамрэнка знаходзіцца ў будынку УУС Бабруйскага гарвыканкаму.
Магілёў
У Магілёве днём затрымалі Валерыя Вярбіцкага, які разам жонкай і маленькім сынам ішоў па Першамайскай вуліцы зь бела-чырвона-белы сьцягам на плячах. Каля іх спынілася аўта, зь якога выскачылі двое супрацоўнікаў у цывільным, не назваўшыся і нічога не тлумачачы, груба адштурхнулі жанчыну і дзіця, моцна напалохаўшы іх, скруцілі Валерыя і запхалі ў машыну. Па стане на 10 вечара з РАУС яго так і не адпусьцілі.
Таксама раніцай у Магілёве затрымлівалі Валадара Цурпанава, удзельніка акцый пратэсту. Яго адвезьлі ў Ленінскі РАУС. У Ленінскім аддзеле Цурпанаў прабыў больш за тры гадзіны. На яго склалі пратакол за арганізацыю 23 жніўня несанкцыянаванага пікету на плошчы Леніна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Магілёве затрымалі актывіста Валадара Цурпанава, каб скласьці пратакол за арганізацыю несанкцыянаванага пікету