Заўзятары кіеўскага футбольнага клюбу «Дынама», якія ўваходзяць у групу «Ультрас», ушанавалі памяць Мікіты Крыўцова, які зьнік 12 жніўня ў часе акцый пратэсту ў Менску і быў знойдзены мёртвым 22 жніўня.
«Выказваем свае спачуваньні родным і блізкім...»
«Зычым беларускаму народу сілы і стойкасьці ў ягонай барацьбе! Жыве Беларусь!»
Для ўшанаваньня памяці Мікіты Крыўцова футбольныя заўзятары сабраліся ў Кіеве ля опэрнага тэатру перад сваім удзелам у маршы абаронцаў Украіны, які адбыўся 24 жніўня ва ўкраінскай сталіцы з нагоды Дня Незалежнасьці. Прадстаўнікі фан-клюбу «Ультрас» ішлі асобнай калёнай і разам са сваёй сымболікай трымалі гістарычны беларускі нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг.
Як паведаміў Свабодзе адзін з прадстаўнікоў «Ультрас», аналягічная акцыя адбылася і каля амбасады Беларусі ва Ўкраіне. Некалькімі днямі раней на знак салідарнасьці зь Беларусьсю дынамаўскія ультрас напісалі на набярэжнай Дняпра бел-чырвона-белыя словы «Жыве Беларусь!»
У 2017 годзе «Ультрас» адразу дзьвюх украінскіх камандаў — «Дынама» і «Шахтар» — правялі акцыі салідарнасьці з затрыманымі падчас акцыі на Дзень Волі 25 сакавіка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Любіў жыцьцё і меў вялікія пляны». Жонка Мікіты Крыўцова ня верыць, што ён скончыў жыцьцё самагубствам ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 17-ы дзень пратэстаў. Разьвітаньне зь Мікітам Крыўцовым, 29 гадоў аднаўленьня незалежнасьці