Прадстаўнік Каардынацыйнай рады Павал Латушка перад наведваньнем Сьледчага камітэту зьвярнуўся з заклікам да яго супрацоўнікаў пачаць і расьсьледаваць крымінальныя справы за парушэньні закону, якія зафіксавала грамадзтва і Каардынацыйная рада.
Ён адзначыў, што Каардынацыйная рада створаная для таго, каб шляхам дыялёгу знайсьці выйсьце з палітычнага крызісу, у якім аказалася краіна.
«І мы дзейнічаем абсалютна ў рамках заканадаўства і ня ставім на мэце сваімі дзеяньнямі ажыцьцявіць захоп улады», — сказаў Латушка.
Ён думае, што жаданьне пошуку выйсьця шляхам дыялёгу павінна быць натуральным і прымальным для кожнага кожнага з бакоў.
Мінулы кантакт Паўла Латушкі зь Сьледчым камітэтам быў летась у верасьні. Тады супрацоўнікі цэнтральнага апарату і рэгіянальных упраўленьняў Сьледчага камітэту былі гледачамі спэктаклю «Рэвізор» у Купалаўскім тэатры. Напярэдадні спэктаклю старшыня Сьледчага камітэту ўручыў Латушку падзяку.
«На сёньняшні дзень фактычна грамадзтва выконвае функцыі рэвізора, — сказаў Павал Латушка. — І мы зьвяртаемся да Сьледчага камітэту, каб менавіта ён прыняў зноў на сябе гэтыя функцыі, расьсьледаваў усе тыя крымінальныя справы, якія павінны быць заведзены і павінны быць завершаныя. Грамадзтва павінна ведаць праўду».
Латушка лічыць, што іншага выйсьця няма, «калі мы хочам вярнуцца ў прававое поле ў нашай краіне».
«Калі мы ня зробім гэтага, сапраўды цяжка ўявіць, што можа адбыцца ў будучыні», — сказаў Латушка. Ён перакананы, што «закон будзе асновай у нашай дзейнасьці, у дзяржаве і ў грамадзтве».
20 жніўня Генпракуратура завяла на Каардынацыйную раду крымінальную справу паводле артыкулу 361 Крымінальнага кодэксу.
Паводле Генпракурора Аляксандра Канюка, дзейнасьць Каардынацыйнай рады «накіраваныя на захоп дзяржаўнай улады, а таксама на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусі».
Рада сьцьвярджае, што яе дзейнасьць законная: «У сувязі з публічнай заявай генеральнага пракурора А. У. Канюка аб завядзеньні крымінальнай справы паводле арт. 361 КК па факце стварэньня Каардынацыйнай рады, лічым неабходным яшчэ раз пацьвердзіць, што мэты Каардынацыйнай рады і спосабы дасягненьня гэтых мэтаў дакладна выкладзены ў Рэглямэнце Каардынацыйнай рады і прынятай рэзалюцыі. Усе мэты і спосабы зьяўляюцца законнымі, заснаванымі на Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Сябры Каардынацыйнай рады не распаўсюджвалі заклікаў да захопу дзяржаўнай улады, або гвалтоўнага зьмяненьня канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь, або здрады дзяржаве, або ажыццяўленьню акту тэрарызму або дывэрсіі, або да іншых дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь», — заявіла Каардынацыйная рада.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвятлану Алексіевіч выклікалі ў Сьледчы камітэт у справе аб закліках да «захопу ўлады» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Латушка: Неадкладнае расьсьледаваньне фактаў гвалту і новыя выбары. Відэа