У Магілёве затрымалі актывіста Валадара Цурпанава, каб скласьці пратакол за арганізацыю несанкцыянаванага пікету

Валадар Цурпанаў на акцыі ў Магілёве 23 жніўня

Раніцай 25 жніўня затрымалі Валадара Цурпанава, удзельніка акцый пратэсту. Яго адвезьлі ў Ленінскі РАУС, паведаміў праваабаронца і паэт Сяргей Сыс.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 17-ы дзень пратэстаў. Разьвітаньне зь Мікітам Крыўцовым, 29 гадоў аднаўленьня незалежнасьці

У Ленінскім аддзеле Цурпанаў прабыў больш за тры гадзіны. На яго склалі пратакол за арганізацыю 23 жніўня несанкцыянаванага пікету на плошчы Леніна.

Паводле Цурпанава, яго затрымалі маёр Паўлаў і капітан Шамігаў каля дома, калі ён ішоў на працу. У аддзеле яму далі перакладчыка — настаўніцу.

23 жніўня на плошчу Леніна Цурпанаў прыйшоў першым, і, калі разгарнуў бел-чырвона-белы сьцяг, яго спрабавалі затрымаць, але гэтага не дала зрабіць грамада пратэстоўцаў. 24 жніўня яму прынесьлі позву, але ён адмовіўся яе браць, бо яна была на расейскай мове.

Паводле жонкі актывіста, на яго афармляюць справу і адправяць у ізалятар. Заўтра, як сказалі міліцыянты Цурпанава будуць судзіць.

Пазьней міліцыя апублікавала камэнтар з нагоды інцыдэнту.