Такое меркаваньне ў інтэрвію Дзьмітрыю Гардону выказаў першы прэзыдэнт Украіны, кіраўнік украінскай дэлегацыі ў трохбаковай кантактавай групе для ўрэгуляваньня канфлікту на Данбасе Леанід Краўчук.
На думку Краўчука, Аляксандар Лукашэнка папрасіў у Расеі вайсковую дапамогу, каб спыніць пратэсты ў Беларусі. Учора генэральны сакратар Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы Станіслаў Зась паведаміў, што ў АДКБ просьба аб вайсковай дапамозе ад Беларусі не паступала.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы ня маем патрэбы ў заежджаных парадах». МЗС Беларусі адрэагаваў на словы Зяленскага пра новыя выбарыГардон спытаў Краўчука, ці ўплывае цяперашняя сытуацыя ў Менску на перамовы трохбаковай кантактнай групы і ці не варта ў сувязі з гэтым перанесьці іх у іншую краіну. Краўчук адказаў, што цяпер, калі перамовы ідуць па скайпе, месца асаблівай ролі не адыгрывае.
— Але я ведаю, што прэзыдэнт Лукашэнка зьвярнуўся да прэзыдэнта Пуціна па дапамогу. Ну дапамога якая — вайсковая. Гэта значыць спыніць тыя пратэсты, якія ідуць і, як ён кажа, выкліканыя ўмяшаньнем іншаземцаў. Гэта значыць, ён хоча сказаць, што там беларусы добрыя, а іншаземцы іх падбухторваюць, — сказаў Краўчук.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Майдан ці ўсё ж не? Як СМІ Беларусі, Расеі і Ўкраіны расказваюць пра падзеіПаводле Краўчука, калі гэтая дапамога будзе вайсковай і ўвядуць войскі, то Беларусь перастане быць самастойнай дзяржавай і ператворыцца ў акупаваную тэрыторыю.
— Тады там нам ня будзе чаго рабіць, — заявіў кіраўнік украінскай дэлегацыі на перамовах у Менску.
Першы прэзыдэнт Украіны ўзначальвае ўкраінскую дэлегацыю ў трохбаковай кантактавай групе з 30 ліпеня 2020 году. Раней дэлегацыю ўзначальваў другі прэзыдэнт Украіны Леанід Кучма.