Рабочы Менскага трактарнага заводу Эдвард Сьвянцецкі зьехаў зь Беларусі і праз Украіну едзе ў Польшчу, дзе зьбіраецца прасіць палітычнага прытулку. Пра гэта Свабодзе паведаміла дачка Эдварда Сьвянцецкага Паліна, якая жыве ў Варшаве.
«На тату пачалося сапраўдае паляваньне, ён заўважыў за сабой безупыннае сачэньне людзей у цывільным. Дайшло да таго, што „стучаць“ на яго прымусілі мясцовага жыхара, якому даручылі сачыць і паведамляць, з кім тата сустракаецца, дзе бывае. Потым пайшлі пагрозы, што ня проста звольняць за ўдзел у страйку, але і пасадзяць. Днямі тата зьехаў зь Беларусі ва Ўкраіну, а адтуль перабіраеццца ў Польшчу», — паведаміла дачка рабочага МТЗ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ля МТЗ затрымалі Кавалькову і Дылеўскага з прэзыдыюму Каардынацыйнай рады. Кавалькова на АкрэсьцінаЭдвард Сьвянцецкі шмат гадоў працаваў на МТЗ токарам. 14 жніўня ён далучыўся да страйку, які рабочыя прадпрыемства пачалі на знак пратэсту супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў. Эдвард Сьвянцецкі быў сярод тых, хто першым выйшаў з прахадной заводу і расказаў журналістам пра страйк і патрабаваньні рабочых.
«Мы спачатку сабраліся і заявілі адміністрацыі свае патрабаваньні — адпусьціць усіх палітвязьняў, адстаўка прэзыдэнта і ўраду, новыя выбары. Нам сказалі, што перададуць нашыя патрабаваньні „наверх“, пачакайце 2 гадзіны. Але праз 2 гадзіны нічога не зьмянілася, таму мы пачалі страйк. Амаль усе не працуюць. На сходзе мы крычалі „Сыходзь!“ былому прэзыдэнту», — расказаў Эдвард Сьвянцецкі 14 жніўня.
Наступным днём Эдвард Сьвянцецкі, як і ншыя страйкоўцы, па дамоўленасьці з адміністрацыяй заводу напісаў заяву аб удзеле ў забастоўцы цягам 5 дзён за свой кошт. Больш на прадпрыемства токара не пусьцілі, ягоны пропуск заблякавалі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці праўда, што ад забастовак Беларусь можа страціць рынкі? Погляд эканамічнага аналітыка