Дзяржаўны сакратар па справах Эўропы пры МЗС Францыі Клеман Бон заявіў, што Лукашэнка пагражае свайму народу, і заклікаў улады Беларусі ўстрымацца ад рэпрэсій у дачыненьні да пратэстуючых.
Так ён адрэагаваў на распаўсюджаныя ў нядзелю відэазапісы, на якіх Лукашэнка зьявіўся ў бронекамізэльцы і з аўтаматам у руках.
«Зразумела, неабходна пазьбягаць рэпрэсій, якія могуць быць яшчэ больш жорсткія, чым мы бачылі. Цяпер мы ўжо знаходзімся ў сытуацыі жорсткіх рэпрэсіяў з боку ўладаў, — заявіў Бон у эфіры тэлеканала France-2. — Мы бачылі гэтую дзіўную і страшную пастаноўку з боку Лукашэнкі, які пагражаў свайму народу».
Дзяржсакратар нагадаў, што «эўрапейцы на баку народа Беларусі», і падкрэсьліў важнасьць такой падтрымкі дэманстрантам, якія «рызыкуюць здароўем за дэмакратыю і свае правы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былая прэзыдэнтка Літвы: «Лукашэнку трэба палітычна і дыпляматычна ізаляваць»