А 15.30 мітынгоўцы на праспэкце Незалежнасьці абвесьцілі хвіліну маўчаньня ў памяць пра загінулых у ходзе пратэстаў.
Карэспандэнт Свабоды ацэньвае колькасьць пратэстоўцаў толькі на праспэкце Незалежнасьці ў дзясяткі тысяч чалавек.
Яны занялі праезную частку і ходнікі праспэкту ад Кастрычніцкай плошчы і рухаюцца ў бок плошчы Незалежнасьці, дзе ля Дому ўраду ўжо сабраліся больш за 10 тысяч чалавек.
Плынь людзей ідзе сюды і зь іншых вуліц у цэнтры Менску. Пакуль інцыдэнтаў не заўважана, у тым ліку ля будынкаў МУС і КДБ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску пачаўся «Марш новай Беларусі», ля Дому ўраду тысячы чалавек, ідуць калёны з іншых раёнаў горада
Супрацоўнікі праваахоўных органаў, якія дзяжураць на праспэкце Незалежнасьці, папярэджваюць аб незаконнасьці мерапрыемства, просяць пакінуць праезную частку і разысьціся, аднак пакуль нікога не затрымліваюць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар абароны Хрэнін прыгразіў, што пратэстоўцы «будуць мець справу з арміяй»
Тым часам, на плошчы Перамогі, акрамя супрацоўнікаў праваахоўных органаў, выстраіліся вайскоўцы. Яны ў камуфляжнай форме і бронекамізэльках, у касках і балаклавах на тварах, узброеныя аўтаматамі Калашнікава.