Як паведаміла Свабодзе беларуская грамадзянка Юлія, якая апекавалася лёсам сьледчага СК, беларускага ўцекача Андрэя Астаповіча, расейскія паліцыянты вывезьлі яго ў Беларусь, а не выпусьцілі з пастарунку 1-га аддзела паліцыі Пскова.
«Учора ўвечары Андрэя вывезлі з аддзяленьня паліцыі і высадзілі ў памежнай вёсцы на тэрыторыі Беларусі. Яго не выпусьцілі, яго адразу з камэры пасадзілі ў аўтамабіль. Нікому не паведамілі. Вельмі ціха і хутка. Гэтак паліцыя РФ проста адхрысьцілася ад таго, што адбываецца, спалохаліся моцнай агалоскі», — паведаміла карэспандэнту Свабоды Юлія.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрыманага ў Пскове сьледчага, які звольніўся з СК на знак пратэсту супраць гвалту, вывезьлі з РасеіРаней ад адваката Вячаслава Галавіна расейскаму тэлеканалу «Дождь» стала вядома, што Андрэя Астаповіча вывезьлі ў Беларусь «невядомыя». Па словах адваката, у дзяжурнай частцы пскоўскай паліцыі яму паведамілі, што Астаповіча выпусьцілі.
«Потым невядомыя людзі пасадзілі яго ў машыну і вывезлі на тэрыторыю Беларусі», — расказаў адвакат Галавін са спасылкай на крыніцу.
Паводле адваката, у Беларусі Андрэя Астаповіча затрымалі беларускія праваахоўнікі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МУС заявіла, што затрымалі «каардынатара», датычнага да «фінансаваньня пратэстаў»Кіраўніца прэсавай службы МУС Беларусі Вольга Чамаданава не ўзялася ўдакладніць зьвесткі пра затрыманьне Андрэя Галавіна ў Беларусі.
«Цяпер адразу не змагу гэта высьветліць. Тэба зьвяртацца ў Сьледчы камітэт, ці быў ён ў вышуку», — сказала Вольга Чамаданава.
Тэлефон кіраўніка прэсавай службы Сьледчага камітэту не адказвае. Дзяжурны 1-га аддзелу паліцыі Пскова ад камэнтару адмовіўся.