Што сказаў Аляксандар Лукашэнка падчас мітынгу ў Горадні. Цытаты.
Аляксандар Лукашэнка прыляцеў у Горадню зь візытам 22 жніўня. Ён выступіў на мітынгу «Любімую не аддамо» на плошчы Леніна. Прыводзім некаторыя ягоныя цытаты.
Пра першых канкурэнтаў на выбарах
«Асноўнымі маімі супернікамі былі, даруйце ўжо, палякі і католікі: Зянон Станіслававіч, Станіслаў Станіслававіч і Вячаслаў Францавіч. І я вырашыў: паеду да іх... Я зразумеў, што горадзенская зямля — гэта нашая зямля».
Пра «ўсходнія крэсы»
«Сёньня знайшліся людзі, якія штурхаюць нас у прорву звадаў і нянавісьці... На заходняй мяжы неспакойна, бразгаюць зброяй, пагражаюць, адкрыта ўмешваюцца ва ўнутраныя справы нашай сувэрэннай дзяржавы. Нехта нават пацірае рукі, я гэта ведаю дакладна, узгадвае пра „ўсходнія крэсы“, дзе ўсё беларускае было пад забаронай, выпальвалася гарачым жалезам.
Сёньня хапае тых, хто хацеў бы адсячы хаця б шматок гэтай „заходняй пэрліны Беларусі“.
„Прыехалі, махаюць сьцягамі, буяняць, вас падбіваюць на беспарадкі... Завадатары — не гарадзенцы, не беларусы. Яны сядзяць там, пад Варшавай, пад Вільняй“.
Пра альтэрнатыўных кандыдатаў
„Вы бачыце, куды гэтыя альтэрнатыўнікі пабеглі. Іх жа ніхто не цкаваў, іх ніхто не выганяў зь Беларусі. Яны самі мяне прасілі, каб я іх выратаваў і вывез, — некаторыя. Некаторыя зрабілі кола праз Расею і Ўкраіну і там аселі“.
Пра прэзыдэнцкі хлеб
«Ды пытаньне не ў Лукашэнку сёньня. Я наеўся гэтага хлеба. Але ўявіце на хвіліну, што няма гэтага Лукашэнкі. Вы разумееце, хто б сёньня камандаваў войскамі на заходняй мяжы?.. Перад кім міністар абароны стаяў навыцяжку і дакладваў? Мы на гэтай плошчы ўжо не былі б гаспадарамі. Нас паламалі, пакрышылі і выплюнулі б».
Пра каардынатараў пратэстаў
«Тыя, хто гэта ўсё каардынуе і кіруе гэтым, таксама сядзяць за мяжой у суседніх краінах і нават атрымліваюць пэўную падтрымку ад іхных уладаў. Менавіта іх я хачу тут, на апошнім мэтры нашай зямлі, я як памежнік кажу, хачу папярэдзіць: гэта ня толькі нашая мяжа, гэта мяжа „саюзнай дзяржавы“, гэта мяжа АДКБ, і адказ будзе адпаведны... Я ўдзячны тым дзяржавам, якія падтрымліваюць Беларусь, але я ўпэўнены: мы здолеем самі».
Пра загады вайскоўцам
«Узяць на жорсткі кантроль перасоўваньне вайсковых падразьдзяленьняў краін-суседзяў NATO... Перабіраць кожнага чалавека, які рухаецца сюды зь неправамернымі мэтамі. Ніводзін баявік, ніводзін правакатар, ніводны патрон не павінен трапіць на нашую тэрыторыю».
Пра каранавірус
«Мы 500 мільёнаў даляраў убухалі ў лячэньне нашых людзей і ратаваньне. Вы ж мне ня верылі, калі я казаў: „Ня трэба ізаляваць людзей“. Што цяпер кажуць заходнікі? Кіраўнік Сусьветнай арганізацыі здароўя заявіў: „Ня трэба ўводзіць ізаляцыю“... Як мне было, калі вы ня ўсе мяне падтрымлівалі, калі я адзін пайшоў супраць усяго сьвету і пераконваў вас?»
Пра страйкі
«Вы сёньня спынілі нейкі там „Гроднажылбуд“, спынілі будоўлю. Родныя мае, мы абыдземся нават бяз „Гроднажылбуду“, у нас дастаткова ў краіне будаўнікоў».
Пра ціск на міліцыянтаў
«Некаторыя зрабіліся нахабнымі настолькі, што калі няшчасны „мент“ прыехаў адрамантаваць дзяржаўную машыну, каманда з Польшчы — у нас ёсьць усе гэтыя тэлефонныя размовы — „ціснуць мянтоў“. За што? Што вы будзеце рабіць, калі пачнецца бандытызм на вуліцы? Каму вы будзеце тэлефанаваць? 01? 02? 03? Або 101, 102, 103. Мы зь дзяцінства ведаем гэтыя тэлефоны. Не граміце іх. Нават калі яны ў нечым памыліліся, даруйце ім».
Пра сьвятароў
«Мяне зьдзіўляе пазыцыя нашых канфэсіяў. Дарагія мае сьвятары, суніміцеся і займіцеся сваёй справай. У храмы людзі павінны прыходзіць маліцца. Цэрквы, касьцёлы не для палітыкі».
Пра СМІ
«Сёньня сродкі масавай інфармацыі — гэта частка гібрыднай вайны, якая разьвязана супраць Беларусі. Усё сканцэнтравана на сродках масавай інфармацыі. Пачалі цкаваць, ціснуць сем’і, запужваць дзяцей, дзяржаўных службоўцаў, вайскоўцаў, журналістаў. Многія ўжо атрымалі гэтыя сыгналы. Гэта ненармальна. Гэта будзе спыняцца самым жорсткім чынам. Субота, нядзеля на роздумы. З панядзелка хай не крыўдуюць».