У Беларусі масава заблякавалі сайты, якія ўлады палічылі непажаданымі: ад зьвязаных з выбарчай кампаніяй сайтаў «Голас» і Zubr.in да сайтаў выданьняў «Белсат», Радыё Свабода, Эўрарадыё, нават спартовай «Трыбуны». У першыя дні пасьля выбараў у Беларусі блякавалі практычна ўвесь «вонкавы» інтэрнэт.
1. «Любімым» спосабам абыходу блякаваньняў у беларусаў сталі VPN-сэрвісы — праграмы, пра падключэньні да якіх чалавек (націснуўшы літаральна адну кнопку) заходзіць на заблякаваны сайт, а правайдэр гэтага ня бачыць — з боку правайдэра выглядае, нібы чалавек падключыўся да нейкай прыватнай сеткі і робіць штосьці ў ёй. Прытым калі блякавалі адны VPN-сэрвісы, беларусы тут жа знаходзілі іншыя.
2. Рэкамэндаваць нейкі адзін найлепшы VPN бяссэнсоўна. Так, у тыдзень пасьля выбараў найлепей сябе зарэкамэндавала праграма пад назвай Psiphon, але цяпер афіцыйны сайт праграмы заблякавалі, хоць сама праграма па-ранейшаму працуе і дасяжная для спампоўваньня са староньніх сайтаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: БАЖ запатрабавала разблякаваць сайты і спыніць ціск на прэсу3. VPN, які можна спампаваць проста цяпер і які не заблякавалі, варта «гугліць». Пакуль дасяжны хоць які пошукавы сайт (Google, Bing, Yandex, Yahoo, DuckDuckGo…), у ім можна набраць у пошуку фразу кшталту «спаспаваць VPN», «скачать VPN» або «download VPN» і самастойна падабраць дзейны. Шматлікія сайты складаюць падборкі найлепшых платных і бясплатных VPN — можна спрабаваць адну за адной праграмы з артыкулаў пад загалоўкамі кшталту «10 Best Free VPN Services That Still Work in 2020» або «10 лучших бесплатных VPN-сервисов для компьютеров и смартфонов». На сайце выбранага VPN трэба шукаць кнопку «Download» і выбіраць вэрсію для Windows, калі патрэбная праграма для настольных кампутараў на Windows, або вэрсіі для MacOS ці Linux, калі кампутар працуе на іх.
4. На смартфонах паставіць VPN можа быць прасьцей. Апошнім часам у Беларусі не блякуюць афіцыйныя крамы праграмаў для смартфонаў на Android і iOS — Google Play («Крама Play») і AppStore. У іх дастаткова набраць у пошуку літары «VPN», націскаць на праграмы, што паказваюцца ў выніку, затым ціснуць «Install» і вяртацца на рабочы стол, каб запусьціць праграму.
5. Часьцей за ўсё які-кольвек VPN запускаецца адной кнопкай «Connect» або «Start». У розных праграмах гэтая кнопка можа выглядаць па-рознаму, але яна звычайна на самым бачным месцы. Многія VPN-сэрвісы патрабуюць рэгістрацыі праз паштовы адрас або сацыяльныя сеткі — баяцца гэтага ня трэба, у выкарыстаньні VPN няма нічога незаконнага. Многія прапануюць платныя варыянты выкарыстаньня, але існуе безьліч бясплатных або часткова бясплатных праграмаў, якія даюць надзейны доступ.
6. Найпрасьцейшы спосаб знайсьці дзейны VPN — «радыё з вуснаў у вусны» ў Telegram. Нават калі ў Беларусі блякавалі практычна ўвесь «вонкавы» інтэрнэт, беларусы абыходнымі шляхамі здабывалі доступ да мэсэнджара Telegram. А ўжо ў ім дзяліліся спасылкамі на дзейныя VPN у чатах сваіх гарадоў і раёнаў або ў чатах адмыслоўцаў накшталт «За BYnet».
Як усталяваць Telegram >>
7. Ёсьць браўзэры, якія самі маюць убудаваны VPN — як Opera. Папулярная альтэрнатыва «Хрому» нарвэскага паходжаньня не заблякаваная ў Беларусі, дасяжная для спампоўваньня праз афіцыйны сайт Opera.com. Аматары Chrome жа могуць усталяваць у свой браўзэр дадатак з VPN праз афіцыйны каталёг дадаткаў.
Радыё Свабода ў сацсетках і сэрвісах:
- Telegram;
- Facebook;
- Instagram;
- Youtube;
- VKontakte;
- Twitter;
- OK.ru;
- Soundcloud;
- Yandex Zen;
- RSS.