«Не разумею, чаму пачалі страляць». Параненага ў Менску кіроўцу аўтобуса перавялі ў агульную палату

Павал Сібілёў — кіроўца аўтобуса, паранены недалёка ад станцыі мэтро «Пушкінская» увечары 10 жніўня. Сілавікі тады спынялі пратэсты, выкарыстоўваючы сьвятлашумавыя гранаты і гумовыя кулі.

Журналісты Tut.by наведалі яго ў вайсковым шпіталі ў Менску.

10 жніўня 48-гадовы Павал Сібілёў працаваў на аўтобусе № 163 (Сухарава — Варанянскага). Звычайны маршрут, ніхто ня думаў, што такое можа здарыцца, кажа мужчына.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Менск: на Прытыцкага некалькі тысяч чалавек. Чуваць выбухі шумавых гранатаў, паранены кіроўца аўтобуса

«Калі мяне сюды прывезьлі, крычаў ноч і дзень, болі былі пякельныя. Спачатку ляжаў у рэанімацыі, а з 16 жніўня перавялі ў агульную палату. Было ўжо некалькі апэрацый, перасадзілі скуру на сьпіну — са сьцягна. Не адчуваю трох пальцаў на левай руцэ, таксама нешта папала — кулі або яшчэ што».

Павал успамінае, якім быў маршрут, які скончыўся так трагічна.

«Я выехаў з Сухарава, праца ўжо падыходзіла да канца, заставалася паўтара кола. Але неўзабаве пасьля ад'езду пачаліся заторы. Паміж прыпынкамі каля мэтро „Спартыўная“ і „Пушкінская“ ёсьць „вуліца Данілы Сердзіча“ — там, напэўна, гадзіну стаяў. З узвышэньня бачылі, што ўнізе выбухі, дымавая заслона, страляніна».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гумавую кулю пакінуў сабе на памяць». Што расказваюць параненыя падчас пратэсту

Кіроўца памятае, што выходзіў на вуліцу пагаварыць з калегам- тралейбусьнікам. А потым вяртаўся ў свой аўтобус.

«Я стаў уваходзіць у дзьверы, заставалася толькі нагу падняць на прыступку — і мяне проста прыпячатала гранатай да аўтобуса. А потым яшчэ зьверху кулямі... Гарэла кашуля, скура на сьпіне выбухнула. Мяне як быццам паралізавала. Людзі тушылі, выклікалі „хуткую“. Крычалі, каб не было гармідару — баяліся, што сілавікі пачнуць страляць».

Пасьля раненьня ў палату да кіроўцы аўтобуса прыходзіў сьледчы, распытваў, як і што адбылося.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «20-гадовую студэнтку ва ўпор расстрэльвалі гумавымі кулямі». Сям’я пра катаваньні на Акрэсьціна

«Я не разумею, на якой падставе пачалі страляць. Людзі выказвалі сваю незадаволенасьць, але яны проста хадзілі, сьмяяліся, ехалі матацыклісты — свісьцелі. Абсалютна ніякай сілы супраць іх ня трэба было ўжываць. Пастаялі б, пасыгналілі і разьехаліся. Навошта прымяняць гвалт?» — дзівіцца паранены кіроўца аўтобусу.

Сібілёў мае трое дзяцей. Сям’я з Маладэчна, сам ён падчас працы жыў у адным са сталічных інтэрнатаў. Валянтэры ўжо дапамаглі знайсьці кватэру ў Менску, каб на час аднаўленьня блізкія былі побач.