Сюжэт пра пацярпелую падчас пратэстаў пяцігадовую дзяўчынку выйшаў у перадачы «Панарама» на дзяржаўным канале «Беларусь-1» 21 жніўня, праз 10 дзён пасьля аварыі. Разьбіраемся, што ў ім ня так.
Мы пагутарылі з бацькам дзяўчынкі Ўладзімерам Чаравухам, каб зразумець, як адбываліся здымкі сюжэту для дзяржаўнага тэлеканалу.
1. Менск ці Горадня
Сюжэт называўся «Выкрываючы праўду: фэйкі пра пяцігадовую дзяўчынку падчас мітынгу ў Менску». Потым у тым жа сюжэце гаворыцца пра горад Горадню.
У сюжэце паказалі горадзенскую сям’ю Чаравухаў. Уладзімер ня ведае, чаму іх прадставілі ў загалоўку, як сям’ю зь Менску. У ранейшых публікацыях у незалежных СМІ Менск не фігураваў.
2. Няма ні слова пра АМАП і вайсковую тэхніку
У сюжэце «Панарамы» не гаворыцца пра абставіны аварыі, падчас якой пацярпела дзіця.
Адразу пасьля здарэньня 11 жніўня сужэнцы Чаравухі расказвалі Свабодзе і іншым незалежным мэдыя, што яны трапілі ў плынь машын, якія езьдзілі па горадзе і сыгналілі. Сама сям’я ў пратэстах ня ўдзельнічала. У пэўны момант на аўтамабіль таксі, які спыніўся перад машынай гэтай горадзенскай сям’і, напалі 5-6 невядомых людзей у чорным адзеньні і ў масках. Яны дручкамі сталі біць шыбы ў таксі.
Уладзімер убачыў гэта, спужаўся за сваю сям’ю і вырашыў зьехаць у бясьпечнае месца. Ён выехаў на сустрэчную паласу і параўняўся з таксі. У гэты момант ззаду ў ягоны аўтамабіль уехала вайсковая машына «Тыгар». Тады пасыпалася шкло і малой дзяўчынцы параніла лоб, твар яе заліла кроў. Уладзімер выйшаў з машыны, адзін зь «людзей у чорным» ударыў яму дручком па галаве, моцна палілася кроў.
Нічога з гэтых абставінаў няма ў сюжэце БТ.
Уладзімер патлумачыў, што ён расказваў журналістам БТ пра ўсе абставіны па парадку, як і раней, у тым ліку пра АМАП. Чаму гэтага не паказалі, ён ня ведае.
«Яны нешта нарэзалі, нешта лішняе прыбралі», — кажа мужчына.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У дзіцяці ўвесь твар быў у крыві». У Горадні падчас аварыі з «Тыграм» пацярпела 5-гадовая дзяўчынка, у яе ЧМТ
3. Здымалі расейскія журналісты
Як расказаў Уладзімер, сюжэт здымалі двойчы. Спачатку дадому да сям’і Чаравухаў прыяжджалі журналісты АНТ, сюжэт меўся выйсьці на гэтым канале. Другі раз сям’ю «злавілі», калі яны ехалі зь лякарні. Тады журналісты прадставіліся расейцамі, патлумачылі, што часова працуюць для БТ, азначэньняў дзяржаўнага тэлеканала на мікрафонах у іх не было.
«Па іх было відаць, што яны не беларусы... Нам сказалі, прыедуць, паздымаюць, і ўсё. Яны не казалі, што казаць, а што не. Сказалі: „Самі хочам разабрацца“», — успамінае гарадзенец.
4. Прапанавалі зьняцца так, што сям’я не адмовілася
На пытаньне, ці сям’я Чаравухаў была ня супраць здымацца для дзяржаўнай тэлевізіі, Уладзімер адказаў так:
«Нам прапанавалі, як бы асабліва выбару не было... Сказалі, трэба невялікі сюжэцік. Не пагражалі, проста прапанавалі: „Трэба адзьняцца, каб было ўсё добра“. Ніхто не казаў, што калі ня здымецеся, будуць нейкія наступствы. Мякка намякнулі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка: запрошаных расейскіх журналістаў аплочвае Расея, а шахтароў можна запрасіць з Украіны
5. Паказалі твар дзіцяці
У «Панараме» добра відаць твар дзяўчынкі. Паводле закону, на тое, каб паказваць аблічча дзяцей, павінен быць дазвол ад бацькоў. Раней сям’я забараняла некаторым СМІ паказваць дачку адкрыта, прасілі закрыць твар.
У выпадку зь дзяржаўнай тэлевізіяй, расказвае Ўладзімер, першы раз яны абмяркоўвалі, што варта «замыліць» твар дзіцяці.
«Другі раз гэта было спантанна, па дарозе, калі мы ехалі. Другі раз ніхто не пытаўся. Нам не да гэтага было, калі шчыра», — кажа мужчына.
6. Няма інфармацыі пра вінаватых у аварыі
Высьветлілася, што Ўладзімера прызналі вінаватым у гэтай аварыі.
«Адміністрацыйны працэс заканчваецца. Нам выпісалі мінімальны штраф за выезд на сустрэчную паласу, за ДТЗ», — кажа Ўладзімер.
Ён згодны, што быў вінаваты ў тым, што выехаў на сустрэчную паласу. Чаравуха ня будзе нікуды зьвяртацца з тым, што вайсковая тэхніка ўехала ў ягоную машыну і што яго ўдарылі дручком па галаве.
«Хочам хутчэй гэта ўсё забыць. Ня хочацца правяраць, ці будуць наступствы, на ўласнай шкуры... У нас у Горадні больш за сто чалавек зьвярнуліся ў Сьледчы камітэт. Паглядзім, ці завядуць хоць адну крымінальную справу», — кажа Ўладзімер.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Выходи из машины, животное». Як затрымлівалі кіроўцаў у ноч пратэстаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 14-ы дзень пратэстаў. Акцыі ў Менску і Берасьці. Лукашэнка даў апанэнтам два дні «на роздумы». Што адбываецца ў Беларусі