Адвакат Максім Знак, які прадстаўляе інтарэсы экс-кандыдаткі ў прэзыдэнты Беларусі Сьвятланы Ціханоўскай, падаў у Вярхоўны суд скаргу аб прызнаньні выбараў 9 жніўня несапраўднымі.
Рашэньне аб пачатку вядзеньня будзе агучана цягам трох дзён, удакладніў ён.
Напярэдадні экс-кандыдатка ў прэзыдэнты Ганна Канапацкая таксама падала ў Вярхоўны суд скаргу на прызнаньне несапраўднымі выбараў прэзыдэнта.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ганна Канапацкая аспрэчыла вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у Вярхоўным судзеРаней усе іншыя кандыдаты, за выключэньнем Аляксандра Лукашэнкі, падалі ў ЦВК скаргі на вынікі выбараў. Але камісія адхіліла іх.
Згодна з зацьверджаным вынікамі ЦВК, за Лукашэнку прагаласавалі 80,1% выбарнікаў, за яго асноўную апанэнтку Сьвятлану Ціханоўскую — 10,12%.
17 жніўня Лукашэнка дапусьціў магчымасьць новых выбараў кіраўніка дзяржавы пасьля прыняцьця новай Канстытуцыі.