Гэта адбылося у другой палове дня 20 жніўня. Паведамленьне аб гэтым Ганна Канапацкая разьмясьціла ў сваім Фэйсбуку.
«Рэалізуючы права, дадзенае мне як кандыдату ў прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь, працягваю працэдуру прызнаньня несапраўднымі выбараў прэзыдэнта, якія прайшлі 9 жніўня 2020 году. Падала адпаведную скаргу ў Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь.
Грубае парушэньне палажэньняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і Выбарчага кодэксу пры прызначэньні і правядзеньні выбараў зьяўляецца безумоўнай падставай для прызнаньня іх несапраўднымі.
Перакананая, што прымальныя толькі негвалтоўныя законныя спосабы палітычнай барацьбы...»
Раней скаргі на вынікі выбараў у ЦВК падавалі Андрэй Дзмітрыеў, Ганна Канапацкая і Сьвятлана Ціханоўская. Іх адхілілі як беспадстаўныя.
Канчатковыя афіцыйныя вынікі выбараў былі апублікаваныя 14 жніўня. Галасы, паводле ЦВК, разьмеркаваліся так:
- Лукашэнка: 80,1% (4 661 075 чалавек);
- Ціханоўская: 10,1% (588 622 чалавекі);
- Дзьмітрыеў: 1,2% (70 671 чалавек);
- Канапацкая: 1,67% (97 489 чалавек);
- Чэрачань: 1,14% (66 613 чалавек);
- супраць усіх: 4,59% (267 360 чалавек).