«Пяць урадаў у выгнаньні». Лукашэнка заявіў, што супраць Беларусі дзейнічаюць некалькі замежных цэнтраў сілы

Супраць Беларусі дзейнічаюць некалькі цэнтраў сілы, дзе аселі «ўрады ў выгнаньні». Аб гэтым Аляксандар Лукашэнка заявіў 21 жніўня, наведваючы агракамбінат «Дзяржынскі», паведамляе БелТА.

«Каардынацыйная рада — гэта прыгожая назва. За мяжой сёньня, па-мойму, ужо пяць урадаў у выгнаньні», — адзначыў Лукашэнка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нашая місія — пераступіць страх і рухацца далей». Ціханоўская дала першую прэсавую канфэрэнцыю ў Вільні. ВІДЭА

Адным з такіх цэнтраў сілы кіраўнік Беларусі назваў Валера Цапкалу, які цяпер у Варшаве. «І ён сьмелы, робіць заявы з Варшавы. Вось гэта адзін з „урадаў“», — цытуе Лукашэнку БелТА.

Лукашэнка таксама сказаў, што Сьвятлана Ціханоўская выехала за мяжу «не безь яго ўдзелу». «На яе просьбу. Яна нармальная жанчына, любіць сваіх дзяцей. Але яе кінулі на папялішча, і яна сёньня топчацца на гэтых галавешках. Яе аблыталі, ахуталі Міністэрства замежных справаў (Літвы. — БелТА), спэцслужбы, яна ўжо пачала рабіць заявы. Вось яшчэ адзін цэнтар. Я проста не хачу пералічваць — яны ад Амэрыкі да Варшавы», — адзначыў ён.

Паводле Лукашэнкі, сытуацыя ў краіне вельмі палітызаваная, але яе ня варта разглядаць, як катастрафічную.

«У Менску, дзесьці яшчэ, камусьці не падабаецца. Гэта натуральна. Але гэта не павінна вас хваляваць, гэта мае праблема, якую я павінен вырашаць і мы яе рашаем. І паверце, у бліжэйшыя дні вырашым», — сказаў Лукашэнка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цапкала: Мы ня хочам украінскага сцэнару, мы ведаем вынік сваіх выбараў

«Вы можаце мяне асуджаць ці не асуджаць, але пакуль я прэзыдэнт, я буду праводзіць жорсткую палітыку на стабілізацыю абстаноўкі ўнутры краіны», — сказаў Лукашэнка рабочым агракамбінату.