Калектыў найбуйнейшага забудоўніка Горадзенскай вобласьці «Гроднажылбуд» папярэдзіў кіраўніцтва прадпрыемства і гораду пра тое, што пачнуць страйк 21 жніўня. Аднак начальства заявіла, што ён незаконны.
20 жніўня работнікі «Гроднажылбуду» апавясьцілі кіраўніцтва прадпрыемства і гораду, што пачынаюць страйк. Патрабаваньні: адстаўка дзейнага прэзыдэнта, новыя сумленныя выбары, крымінальныя справы ў дачыненьні да ўсіх сілавікоў, якія перавысілі паўнамоцтвы, вызваленьне ўсіх затрыманых ад 9 жніўня і палітзьняволеных.
Кіраўніцтва адказала работнікам іншым лістом, дзе паведаміла, што забастоўка незаконная. У тым ліку нельга страйкаваць цягам 14 дзён ад паведамленьня пра яе.
«Пры нявыхадзе на працу, адмове выконваць свае працоўныя абавязкі на працоўных месцах з прычыны страйку дзеяньні работнікаў будуць ацэньваць паводле нормаў працоўнага заканадаўства», — гаворыцца ў адказе.
Як расказалі супрацоўнікі «Гроднажылбуду», ранкам 21 жніўня многія былі настроеныя страйкаваць. Аднак па ўчастках праехаў намесьнік дырэктара Фрыдрых Клім і сказаў, што страйкоўцам не заплацяць заробкі і прэміі. Большасьць людзей удалося такім чынам пераканаць, і яны ўзяліся за працу. Працягваюць баставаць на сваіх працоўных месцах каля 10% работнікаў.
Напярэдадні «Гроднажылбуд» правёў галасаваньне, падчас якога 75% тых, хто галасаваў, падтрымалі страйк. Работнікі адкрыта заявілі пра сваё жаданьне страйкаваць 13 жніўня. Сотні іх неаднаразова выходзілі перад будынкам прадпрыемства, размаўлялі з уладамі гораду і вобласьці, выказвалі свае патрабаваньні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Народ мае права сябе абараняць». Ці могуць рабочыя страйкаваць законна? ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская заклікала пашыраць забастоўкі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Першая хваля была як рэпэтыцыя». Кіраўнік страйкаму МТЗ лічыць, што будзе другая хваля забастовак