На прэсавай канфэрэнцыі, якая праходзіць віртуальна на пляцоўцы ZOOM, былы ўдзельнік выбарчай кампаніі Валер Цапкала зрабіў некалькі заяваў.
Ён перакананы, што беларусам трэба працягваць масавыя пратэсты і страйкі, каб улада слабела і любы сілавік ведаў, што існуе супрацьдзеяньне з боку народу і грамадзянскай супольнасьці. Гэта будзе паралізоўваць уладу, дадаў Валер Цапкала.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цапкала ў Варшаве сустрэўся з кіраўніком МЗС Польшчы«Сытуацыя будзе разьвівацца, як італьянскі страйк, калі чыноўнікі будуць старацца не рэалізоўваць некаторых загадаў, напрыклад як падатак на дармаедаў. Ніхто з чыноўнікаў не захоча яго рэалізоўваць, калі Лукашэнка зноў такое прапануе», — мяркуе Валер Цапкала.
На ягоную думку, Беларусь ужо ніколі ня будзе краінай, якой яна была дагэтуль, новаабраным прэзыдэнтам ён лічыць Сьвятлану Ціханоўскую.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вераніка Цапкала: Ціханоўская — абраны прэзыдэнт, загады Лукашэнкі сілавікам — фашысцкія«Украінскі сцэнар мы ня хочам рэалізоўваць, там адбылася рэвалюцыя па-за рамкамі электаральнага цыклю. У нас прайшлі выбары, мы ўсе ведаем іх вынік. Мы будзем далей ісьці для легімітызацыі перамогі Сьвятланы Ціханоўскай», — падсумаваў Валер Цапкала, які разам з жонкай і дзецьмі зьехаў зь Беларусі праз пагрозы ў адрас сям’і.