Транспартная паліцыя Расеі знайшла рэчыва, якім атруцілі Аляксея Навальнага. Пра гэта паведаміў дырэктар Фонду барацьбы з карупцыяй (ФБК) Іван Жданаў.
Паводле яго, супрацоўніца паліцыі адмовілася раскрыць назву рэчыва яму і жонцы Навальнага Юліі, спаслаўшыся на тайну сьледзтва. Аднак удакладніла, што гэтае рэчыва сьмяротна небясьпечнае ня толькі для Аляксея Навальнага, але і для людзей, якія яго акружаюць: «усе навокал павінны знаходзіцца ў ахоўных касьцюмах».
Аднак намесьнік галоўнага доктара омскай лякарні хуткай мэдычнай дапамогі № 1 Анатоль Калінічэнка паведаміў, што атруты або сьлядоў яе знаходжаньня ў арганізьме шпіталізаванага напярэдадні ў Омску Аляксея Навальнага на сёньняшні дзень ня выяўлена. Ён расказаў, што аналізы працягваюць праводзіцца як у Омску, так і ў Маскве, паведамляе «РИА Новости».
Жонка Навальнага сказала, што не давярае шпіталю хуткай дапамогі № 1 Омску, у якім знаходзіцца яе муж. Яна лічыць, што лекары ўтрымліваюць палітыка ў клініцы і не даюць дазволу на яго перавоз на лячэньне ў Эўропу, «каб тое хімічнае рэчыва, якое знаходзіцца ў арганізьме Аляксея, зьнікла».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нямеччына выслала па Навальнага мэдычны самалёт, Расея не дазваляе транспартаваць палітыкаУ Омскі аэрапорт імя Дзьмітрыя Карбышава раніцай 21 жніўня прыляцеў самалёт для эвакуацыі Аляксея Навальнага, які знаходзіцца ў коме, на лячэньне ў Нямеччыну. Пра гэта паведамілі РБК у прэс-службе аэрапорта.
Напярэдадні раніцай Навальны вяртаўся ў Маскву з Томску. У самалёце яму стала дрэнна. Самалёт пасадзілі ў Омску. Апазыцыянэра накіравалі ў шпіталь. Ён знаходзіцца ў коме і падлучаны да апарата штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. Лекары пакуль не паведамлялі дыягназу Аляксея Навальнага. Яго паплечнікі лічаць, што палітыка атруцілі таксынамі.