«На сёньня заплянавана паседжаньне прэзыдыюма Каардынацыйнай рады — пасьля таго, як вернуцца з допыту Максім Знак і Сяргей Дылеўскі. Яны выкліканыя ў камітэт у якасьці сьведак», — паведамілі «Інтэрфаксу» у прэс-службе арганізацыі.
Сябра рады, звольнены з пасады дырэктара Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы Павал Латушка сказаў, што яго на допыт не выклікалі, і пацьвердзіў, што прэзыдыум Каардынацыйнай рады мае намер абмеркаваць бягучую сытуацыю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Патрабуем, каб улада пайшла на дыялёг». Як будзе працаваць Каардынацыйная рада«Пазыцыя нашых юрыстаў адназначная: у стварэньні і дзейнасьці рады няма складу супрацьпраўных дзеяньняў i злачынства. Адпаведна, няма падставаў для прыцягненьня яго чальцоў да адказнасьці», — сказаў Павал Латушка.
Між тым, як перадаюць тэлеграм-каналы, міліцыя перакрыла падыход да будынку Сьледчага камітэту на вуліцы Фрунзэ ў Менску перад прыездам на допыт двух чальцоў Каардынацыйнай рады. Туды прыйшлі шмат журналістаў і прыхільнікаў Сьвятланы Ціханоўскай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генэральная пракуратура завяла справу ў сувязі зь дзейнасьцю Каардынацыйнай рады, падазраюць «захоп улады»Максіма Знака прысутныя сустрэлі аплядысментамі і задаволенымі воклічамі. Ён заклікаў іх не чакаць заканчэньня допыту, бо гэта можа заняць увесь дзень.
Генпракурор Беларусі Аляксандар Канюк напярэдадні заявіў, што дзейнасьць Каардынацыйнай рады зьяўляецца антыканстытуцыйнай і накіраваная на захоп улады. Заведзена крымінальная справа паводле артыкулу 361 Крымінальнага кодэксу «Заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь», якая ў якасьці пакараньня прадугледжвае пазбаўленьне волі на тэрмін да 5 гадоў.