Дзяржсакратар ЗША Майк Пампэо сёньня выступіў з заявай з нагоды палітычнай сытуацыі ў Беларусі. Яна мае назву «Падтрымка памкненьняў беларускага народу».
12-ы дзень пратэстаў. Пагрозы Латушку. Крымінальная справа супраць Каардынацыйнай рады
Прыводзім тэкст заявы:
«Злучаныя Штаты былі натхнёныя мірным выказваньнем сваёй думкі беларускім народам, які імкнецца вызначыць сваю будучыню. Мы маем доўгатэрміновы абавязак падтрымліваць сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць Беларусі, а таксама памкненьні беларускага народу выбіраць свайго лідэра і выбіраць свой шлях, вольны ад зьнешняга ўмяшаньня.
Мы па-ранейшаму глыбока занепакоеныя сур'ёзнымі недахопамі ў прэзыдэнцкіх выбарах 9 жніўня ў Беларусі і рашуча асуджаем гвалт у дачыненьні да мірных дэманстрантаў і журналістаў, арышт кандыдатаў ад апазыцыі і мірных дэманстрантаў, блякаваньне інтэрнэту ў Беларусі і злоўжываньні адносна затрыманых. Мы заклікаем неадкладна вызваліць тых, хто несправядліва затрыманы, і высьветліць лёс тых, хто зьнік бязь вестак.
ЗША падтрымліваюць свабодныя і справядлівыя выбары, якія адлюстроўваюць волю беларускага народу. Выбары 9 жніўня не адпавядалі гэтаму стандарту. Беларусь, як і ЗША, зьяўляецца членам АБСЭ, якая назірае за выкананьнем гэтых стандартаў. Мы заклікаем улады Беларусі прыняць прапанову старшыняваньня АБСЭ аб палягчэньні дыялёгу з удзелам усіх зацікаўленых бакоў. Мы падтрымліваем міжнародныя намаганьні па незалежным вывучэньні выбарчых парушэньняў у Беларусі, парушэньняў правоў чалавека ў сувязі з выбарамі і іх наступстваў.
Мы заклікаем урад Беларусі актыўна весьці дыялёг зь беларускім грамадзтвам, у тым ліку і зь нядаўна створанай Нацыянальнай каардынацыйнай радай, каб вызначыць, чаго патрабуе беларускі народ дзеля будучыні і посьпеху Беларусі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: БелТА: Макей падзякаваў ЗША за падтрымку незалежнасьці Беларусі