Акцыя «Пункт супакою» прайшла ў горадзенскім парку Жылібера пад балёнікамі зялёнага і чырвонага колеру 20 жніўня. На яе прыйшло каля 30 чалавек.
Пікет зьявіўся ў парку Жылібера каля 16 гадзіны. Маладзёны ў белых кашулях з надпісамі «За Беларусь» раздавалі паштоўкі і чырвона-зялёныя стужкі. Запрашалі на мітынг «Любімую не аддамо» на плошчы Леніна 22 жніўня.
«А мы думалі, што сёньня мітынг. Ва ўсіх навінах перадалі, што а 16-й», — засмуціліся жанчыны, што прыйшлі ў час.
«Бярыце з сабой плякаты, сьцяжкі», — заахвочвалі маладзёны.
«У нас заходняя частка краіны. Таму нас так няшмат. Вось у Гомлі дык шмат за Лукашэнку», — прамаўляў да некага мужчына ў форме, падобнай да вайсковай.
«Які жах!», — пасьпела сказаць жанчына з малой дачкой, якія ў сьветлых кашульках праходзілі паўзь пікет.
«Ганьба!», — закрычала яшчэ адна дзяўчына, аддаляючыся ад акцыі.
«Валіце з краіны, каб нагі вашай тут не было, на польскія градкі», — абурылася жанчына, што прыйшла на акцыю.
Паміж сталымі гарадзенкамі, што стаялі побач зь пікетам, завязалася гучная гутарка.
«Хочуць у NATO, хай ідуць у NATO. А мы з Расеяй будзем сябраваць», — заявіла адна.
«Мы непераможныя. Не аддамо!», — падтрымала іншая.
«Яна ў Літве. Едзьце да яе. Штаб у Літве», — прапанавала некаму трэцяя.
«Нашу міліцыю машынай зьбівалі, і гэта нармальна. А потым яны са сцэны сінія дупы паказваюць. Чаго ты туды ішоў? Яны самі спэцыяльна лезуць, а потым прыкідваюцца. Самі сабе кухталёў наробяць», — актыўна абуралася гарадзенка.
«Прыйшлі на ўсё гатовае. Ім падабаецца тут жыць. У нас доўгі вялікі сьцяг, яшчэ даўжэйшы, чым той белы, фашыстоўскі. „За бацьку!“ Усе крычаць „За бацьку!“», — казала яшчэ адна.
«У нас акцыя праходзіць па ўсёй краіне, ва ўсіх гарадах, усіх запрашаем на мітынг за незалежнасьць нашай краіны. Паштовачку можаце родным перадаць. Вазьміце стужачку», — ветліва і нясьмела казалі маладзёны новенькім, хто да іх падыходзіў.
У пікавы момант каля пікету прысутнічала 30 чалавек у радыюсе 25 мэтраў, з улікам арганізатараў і журналістаў.
«Можна я вас здыму са сьцяжком?», — падбегла да аднаго з удзельнікаў акцыі маладая журналістка зь дзяржаўнага выданьня.
«За Беларусь! Здорава! За спакой! Стабільнасьць!», — выгукваў жаночы голас.
«Зараз мы гэтую масавасьць здымем», — з усьмешкай адышоўся далей апэратар мясцовага тэлебачаньня.
«Я змучылася», — пачала скардзіцца сталая жанчына.
«Я сама змучылася, — працягнула другая. — А міністар аховы здароўя? Яго нават пальчыкам нельга кранаць. А яны... За гэта можна ў суд падаць за абразу асобы. Я прыйшла б і расказала, як раней галадалі».
«А навошта ім працаваць? — падтрымала яе каляжанка. — Ім заплацяць, і ўсё. Нам крывавыя грошы не патрэбныя. Мы ўжо з мужам палічылі, па 5 эўра», — абмяркоўвалі нечыя грошы паплечніцы.
«Здраднікі радзімы. Я так і называю», — акрэсьліла ўдзельніца гэтай дружнай кампаніі.
«Я кажу, каб не было вайны. Моладзь кажа: „Хай ён сыдзе, і вайны ня будзе“. А чаму ён павінен сыходзіць? Мы ім ганарымся. Няма чаго саромецца, што ён з калгасу. Мы таксама зь вёскі», — ішла далей гутарка.
«Украіну развалілі, цяпер нас, а потым і да Расеі дабяруцца», — перажывала гарадзенка.
«Мяне за іхнія мерапрыемствы звычайна дэпрэмуюць, бо ня так зьняў», — паскардзіўся на некага фатограф дзяржаўнага выданьня.
«Відаць, тут нічога ня будзе адбывацца», — адзначылі тэлевізійнікі, якія запісалі ўжо камэнтары некалькіх удзельнікаў, і зьняліся з працоўнага пункту.
«За якія перамены? У нас усё ў парадку, — працягвалі весьці дыскусію зь нябачнымі апанэнтамі сталыя жанчыны. — На якіх яны машынах езьдзяць, на мэрсэдэсах. Яны яшчэ больш грошай хочуць. Яны родную бабулю прададуць».
«Каб яму толькі хапіла здароўя гэта ўсё перажыць», — падсумавала прыхільніца дзейнай улады і пайшла зь пікету.
Роўна а 17 гадзіне пікет зьняўся зь месца і зьнік. Углыб парку аддаляліся балёнікі.
У не дазволеным уладамі мітынгу прыхільнікаў перамен сёньня ў Горадні ўдзельнічалі паўтары тысячы чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Горадні прайшоў не дазволены ўладамі мітынг. ФОТА