Камісія налічыла Ціханоўскай 244 галасы, а выбарнікі даслалі 1850 фота бюлетэняў

Кандыдатка ў прэзыдэнты Сьвятлана Ціханоўская

На сайце сыстэмы «Голас» апублікавалі вынікі падліку галасоў па розных выбарчых участках. Шмат на якіх зь іх назіральнікам так і не паказалі выніковыя пратаколы — фармальна ўчастковыя і раённыя камісіі спынілі сваю працу.

Аднак на тых участках, дзе пратаколы ўсё ж зьявіліся, цікава параўнаць іх вынікі з колькасьцю прысланых фота бюлетэняў у падтрымку Сьвятланы Ціханоўскай.

«Наша Ніва» зьвярнула ўвагу на некалькі менскіх школаў, дзе розьніца ў выніках галасаваньня анамальная.

Школа № 61 (участак № 42 Першамайскага раёну)

У школе № 61 на вуліцы Кірылы Тураўскага, да якой прыпісалі новыя дамы «Маяка Менску», колькасьць выбарнікаў вымяраецца тысячамі.
Камісія на чале з пэдагогам-псыхолягам Аксанай Пятровіч зафіксавала наступныя вынікі:

Лукашэнка — 745 (67,8%)
Ціханоўская — 244 (22,2%).
Агулам удзельнікаў галасаваньня — 1099 чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Большую частку галасоў за Ціханоўскую скралі», — прамежкавыя вынікі на плятформе «Голас» 

Аднак стваральнікі «Голасу» паведамляюць, што маюць з гэтага ўчастку 1850 здымкаў бюлетэняў ад людзей, якія прагаласавалі за Ціханоўскую. Розьніца з афіцыйнымі вынікамі — 1606 галасоў.

Школа № 6 (участкі № 68 і № 69 Фрунзэнскага раёну)

У большасьці менскіх школаў адначасова было некалькі ўчасткаў. Школа № 6 на вуліцы Янкоўскага ў мікрараёне Сухарава — яскравы прыклад адразу двух «анамальных» участкаў. Яе дырэктарка Галіна Гетманчук узначаліла адну з камісіяў. Другую — настаўніца пачатковых клясаў Вольга Станішэўская.

Участак № 68 (старшыня — Станішэўская):
Лукашэнка — 1324 (69,7%)
Супраць усіх — 317 (16,7%)
Ціханоўская — 117 (6,2%)
Агулам удзельнікаў галасаваньня — 1899 чалавек.

У базе «Голасу» 970 здымкаў бюлетэняў ад людзей, якія прагаласавалі за Ціханоўскую. Розьніца з афіцыйнымі вынікамі — 853 галасы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Апублікаваць вынікі галасаваньня на кожным участку». БСДП зьвярнулася да старшыні Менгарвыканкаму 

Участак № 69 (старшыня — Гетманчук):
Лукашэнка — 1179 (63,1%)
Супраць усіх — 366 (19,6%)
Ціханоўская — 115 (6,2%)
Агулам удзельнікаў галасаваньня — 1868 чалавек.

У базе «Голасу» 789 здымкаў бюлетэняў ад людзей, якія прагаласавалі за Ціханоўскую. Розьніца з афіцыйнымі вынікамі — 674 галасы.

Школа № 105 (участкі № 18 і № 19 Маскоўскага раёну)

У школе № 105 на вуліцы Хмялеўскага ў Грушаўцы таксама два ўчасткі.
Участак № 18, да якога прыпісалі жыхароў новых дамоў на праспэкце Дзяржынскага, аб’яднаных абаронай Грушаўскага сквэру. Дырэктарка Валянціна Саковіч была тут намесьніцай старшыні камісіі. А ўзначальвала камісію завуч Вольга Мельнікава.

Участак № 19 — старыя дамы Грушаўкі, тут больш пэнсіянэраў і падтрымка Ціханоўскай не такая выразная. Тым ня менш вынікі супрацьлеглыя.

Участак № 18, «пратэставы»:
Лукашэнка — 954 (60,5%)
Супраць усіх — 366 (21,9%)
Ціханоўская — 198 (12,6%)
Агулам удзельнікаў галасаваньня — 1578 чалавек.

У базе «Голасу» 884 здымкі бюлетэняў ад людзей, якія прагаласавалі за Ціханоўскую. Розьніца з афіцыйнымі вынікамі — 686 галасоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ён нават ня ведаў, дзе знаходзіцца штаб Бабарыкі». Чаму затрымліваюць валянтэраў і зьбіральнікаў подпісаў

Участак № 19, «непратэставы»:
Ціханоўская — 545 (52,9%)
Лукашэнка — 389 (37,7%)
Супраць усіх — 58 (5,6%)
Агулам удзельнікаў галасаваньня — 1031 чалавек.
Назіральнікі, якія сядзелі на ўваходзе ў школу, зафіксавалі ў дзень выбараў 3000 удзельнікаў галасаваньня. Камісіі ж налічылі ў паўтара раза менш.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нам тут яшчэ жыць, усе баяцца». У Ваўкавыску разьвіталіся з дырэктарам музэю, які зьнік пасьля выбараў



Іншыя «анамальныя» месцы Менску:

Гімназія № 43. Участак № 22 Фрунзэнскага раёну: 126 галасоў за Ціханоўскую ў пратаколе і 915 фота бюлетэняў.
Школа № 197. Участак № 50 Першамайскага раёну: 85 і 699.
Школа № 151. Участак № 74 Фрунзэнскага раёну: 109 і 689.
Школа № 59. Участак № 32 Фрунзэнскага раёну: 77 і 637.
Школа № 99. Участак № 103 Фрунзэнскага раёну: 108 і 638.
Школа № 23. Участак № 13 Фрунзэнскага раёну: 95 і 616.