Сьледчы камітэт апісаў абставіны забойства берасьцейца падчас акцыі пратэсту

Ілюстрацыйнае фота

Паводле сьледзтва, берасьцеец разам зь іншым мужчынам напалі на праваахоўнікаў, білі іх мэталічнай трубой, а таксама спрабавалі забраць зброю.

Адзін з праваахоўнікаў, апасаючыся за сваё жыцьцё, стрэліў нападніку ў плячо, але паколькі той супраціўляўся, «ненаўмысна параніў яго ў вобласьць галавы».

Параненага даставілі ў шпіталь, дзе 19 жніўня ён памёр. Сьледчыя абяцаюць даць «прававую ацэнку» дзеяньням нападнікаў і правамернасьці ўжываньня зброі.

Прозьвішча забітага СК не называе, але, мяркуючы па ўсім, гаворка ідзе пра 44-гадовага берасьцейца Генадзя Шутава. Здарэньне адбылося 11 жніўня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністэрства здароўя пацьвердзіла сьмерць берасьцейца ад агнястрэльнай раны, атрыманай падчас пратэстаў

Дачка Шутава Наста расказала Свабодзе пра сьмерць бацькі: «Ён патэлефанаваў, што едзе дахаты, і з таго часу мы яго шукалі два дні і не маглі знайсьці. Яго тэлефон быў недаступны... У бацьку стралялі са сьпіны ва ўпор, чалавек, які страляў, быў ззаду яго. Быў вельмі моцна пашкоджаны галаўны мозг, моцны крывацёк, раздрабненьне костак».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У бацьку стралялі са сьпіны ва ўпор». Што кажа дачка пра сьмерць берасьцейца ад раненьня ў галаву