«Больш ня можам казаць „Добрай раніцы“». На знак пратэсту звальняецца калектыў радыё «Сталіца»

Ілюстрацыйнае фота. Работнікі дзяржаўнага «Радыё Гродна» падчас акцыі пратэсту 17 жніўня.

Частка калектыву радыё «Сталіца» напісала заявы на звальненьне, паведаміла Свабодзе супрацоўніца, якая прасіла не называць сябе.

Разам з супрацоўнікамі звольніўся дырэктар радыё «Сталіца» Алег Міхалевіч і загадчыца аддзела інфармацыйных праграм Ала Рыжэвіч.

На радыё «Сталіца» засталіся «літаральна некалькі супрацоўнікаў». Ад панядзелка не выходзяць перадачы і навіны, акрамя навінаў спорту, сказала супрацоўніца. У панядзелак калектыў прыйшоў на працу, але сядзеў у студыях з выключанымі мікрафонамі. Генэральны дырэктар «Першы нацыянальны канал беларускага радыё» абяцаў, што на сустрэчу з супрацоўнікамі прыедзе старшыня «Белтэлерадыёкампаніі» Іван Эйсмант, але ён не прыехаў.

Да напісаньня заяваў на звальненьне супрацоўнікі радыё «Сталіца» паведамілі свайму кіраўніцтву пра забастоўку, але паводле кіраўніцтва афіцыйна яны могуць выйсьці на забастоўку толькі пасьля двух тыдняў пасьля афіцыйнага абвяшчэньня – 31 жніўня. Сярод патрабаваньняў супрацоўнікаў было:

  1. правядзеньне новых сумленных выбараў;
  2. спыненьне гвалту;
  3. спыненьне забаўляльнага эфіры ў абʼектыўнае асьвятленьне падзей.

«Мы зразумелі, што больш ня можам казаць "Добрай раніцы"», – сказала супрацоўніца.

Адной з падставай стала тое, што ў будынку Дома радыё дзяжураць сілавікі. Суразмоўцу Свабоды асабіста абурыла, што 13 жніўня ў фае будынку АМАП пераапранаўся ў «касманаўтаў».