Некалькі тысяч гарадзенцаў сабраў мітынг на плошчы Леніна 18 жніўня. На ім выступілі Лявон Вольскі і гурт Trubetskoy. Жывую трансьляцыю вяло дзяржаўнае тэлебачаньне «Гродна Плюс».
Дырэктар горадзенскага стадыёну «Нёман» Віктар Шумель, якога гарадзенцы ўжо празвалі «новым мэрам» заявіў, што прадпрыемству «Гродна Азот» выдзеляць 100 тысяч даляраў з фонду беларускай салідарнасьці на забастоўку. Ён заклікаў работнікаў баставаць.
Работнік «Гроднажылбуд» Дзьмітры паведаміў на мітынгу, што работнікі прадпрыемства галасавалі «за» або «супраць» забастоўкі, вынікі абвесьцяць 19 жніўня. Папярэдне — большасьць гатовая баставаць.
Супрацоўніца «Гроднапрамбуд» Юлія заклікала кіраўніцтва прадпрыемства далучыцца да іхняга жаданьня баставаць і заахвоціла калег не баяцца.
Прадпрымальнік Васіль Яварчук пераказаў інфармацыю ад горадзенскай міліцыі, што падчас мірных акцый у Горадні затрымалі 777 чалавек. За кратамі застаюцца Дзьмітры Ціт і Сяргей Рымша, на якіх заведзеныя крымінальныя справы. Стала вядома пра аднаго зьніклага бязь вестак — дырэктара Ваўкавыскага музэю Канстанціна Шышмакова — яго знайшлі загінулым.
Па інфармацыі міліцыі, з 9 па 12 жніўня ў Горадні 162 асобы адпусьцілі пасьля гутаркі, 18 затрыманых былі непаўналетнімі, трох забрала «хуткая дапамога», 42-м вынесьлі папярэджаньне, 334 атрымалі штраф, 178 — адміністрацыйны арышт, яшчэ 40 справаў у судзе.
Музыкант Алесь Дзянісаў папрасіў не цкаваць сем’і сілавікоў.
Напрыканцы мітынгу выступілі Лявон Вольскі і гурт Trubetskoy.
Сотні гарадзенцаў сышлі з канцэрту пад турму і скандавалі «Свабоду» для тых, хто працягвае сядзець. Іх гукам сыгналу падтрымалі кіроўцы. Пратэстоўцы хутка разышліся.