Каля 200 адвакатаў Беларусі патрабуюць новых выбараў і вызваленьня палітвязьняў

Ілюстрацыйнае фота. Затрыманьні ў Менску 12 жніўня

У звароце адвакацкай супольнасьці, пад якім ужо падпісаліся амаль 200 беларускіх адвакатаў, патрабуюць неадкладнага вызваленьня палітвязьняў і прызначэньня новых выбараў.

У звароце, які цытуе БелаПАН, гаворыцца пра парушэньні праваахоўнікамі правоў грамадзян на абарону як у крымінальным, так і ў адміністрацыйным працэсе, «ашаламляльныя апавяданьні (ад грамадзян) пра катаваньні, зьбіцьцё і нечалавечыя ўмовы ўтрыманьня затрыманых».

«Мы, адвакаты Рэспублікі Беларусь, ня можам ігнараваць абстаноўку, якая склалася ў краіне», — гаворыцца ў звароце.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Некаторыя застануцца інвалідамі», — мянчук атрымаў тры кулявыя раненьні і быў зьбіты

У ім адвакацкая супольнасьць патрабуе

  • неадкладнага вызваленьня ўсіх палітвязьняў і ўсіх грамадзян, затрыманых за ўдзел у мірных пратэстах з 9 жніўня,
  • адхіленьня ад працы ўсяго складу ЦІП і ІЧУ ГУУС Менгарвыканкаму, супрацоўнікаў АМАП і іншых сілавікоў, якія бралі ўдзел у затрыманьнях,
  • правядзеньня новых выбараў «з сумленным і празрыстым фармаваньнем участковых выбарчых камісій, падлікам галасоў, допускам назіральнікаў»,
  • прыцягненьня да адказнасьці «ўсіх, хто зьдзяйсьняў злачынствы супраць жыцьця, здароўя, гонару і годнасьці грамадзян»,
  • прапануе стварыць грамадзкую камісію па расьсьледаваньні катаваньняў і вызначэньні асобаў, якія маюць да іх дачыненьне, з удзелам прэсы і юрыстаў і допускам ва ўсе месцы прымусовага ўтрыманьня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дабіваць параненага — гэта апошняя стадыя нізасьці». Доктар-рэаніматоляг пра траўмы і пакуты пацярпелых ад сілавікоў