Страціўшы надзею на сыстэму, людзі самі пачынаюць шукаць сваіх зьніклых сваякоў. Нярэдка тыя ўжо пад крымінальным перасьледам, ім пагражаюць працяглыя тэрміны зьняволеньня.
Жыхарка Менска Кацярына Савіцкая расказала Свабодзе, што 10 жніўня яе мужа Юрыя выкралі проста з працоўнага месца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «20-гадовую студэнтку ва ўпор расстрэльвалі гумавымі кулямі». Сям’я пра катаваньні на АкрэсьцінаЁн дырэктар сталічнай станцыі шынамантажу. Туды ўваліліся шасьцёра невядомых у цывільным, заштурхалі яго ў мікрааўтобус і зьвезьлі ў невядомым кірунку. Не назваліся і не сказалі, за што. Дома сам-насам зь невядомасьцю засталіся жонка і 4-гадовае дзіця.
Допыт бяз права на адваката і на вестку сваякам
Наступныя чатыры дні (замест дапушчальных 72 гадзін) яна нічога ня ведала пра месца знаходжаньня і стан Юрыя. Ні ў якіх сьпісах мужчына ня значыўся. А ў тэлефонах, празь якія «можна ўсё даведацца», раз за разам чуліся абрывістыя гудкі.
«Зьняволеных занадта шмат — ня маем часу іх афармляць», — аргумэнтавалі ў ГУУС Менгарвыканкаму.
Нарэшце Кацярына Савіцкая пачала сама шукаць каго-небудзь, хто мог пазнаць мужа па фатаздымку. І начакана ёй пашанцавала: знайшліся тыя, хто сядзеў зь ім у адной камэры.
«Ад супрацоўнікаў РУУС Заводзкага раёну ўдалося даведацца, што ён нібыта ў групе людзей, якую адправілі ў Жодзіна, — расказвае яна. — Як толькі 13 жніўня адтуль пачалі адпускаць людзей, я з самай раніцы стаяла ў натоўпе і падбягала да кожнага вызваленага. Знайшла мужчын, якія 10-га таксама былі ў тым жа аддзяленьні міліцыі, але ніхто апазнаць мужа ня змог. Сьцямнела. Ужо нічога не чакаючы, падышла да хлопца. Ён задумаўся, зірнуўшы на фота. Апісала, у што быў апрануты. І пацьвердзіў: так, быў з такім у камэры. Сказаў, што ўсё кепска, рыхтуецца крымінальная справа».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы патрабуюць неадкладна распачаць справы супраць сілавікоў, якія злоўжылі паўнамоцтваміДля Кацярыны стала шокам, што Юрыю пагражае да 15 гадоў за «арганізацыю масавых беспадаркаў». Потым выходзілі іншыя сядзельцы, якім муж пакінуў яе нумар, тэлефанавалі, пацьвярджаючы сумныя пэрспэктывы.
«Так я даведалася, што муж — падазраваны ў крымінальнай справе паводле артыкулу 293 (частка 1) з тэрмінам пазбаўленьня волі ад 5 да 15 гадоў, — расказала жанчына. — Ад выпадковых людзей, уяўляеце? Пачаткова допыт вялі бяз права на адваката і вестку для сваякоў. Колькі яшчэ дзён прайшло б, каб я бязьдзейна чакала афіцыйнай інфармацыі, — можна толькі здагадвацца».
За альтэрнатыўную пазыцыю даюць больш, чым за забойства
Паводле зьвестак абаронцаў, Юрыя Савіцкага перавезьлі ў СІЗА Жодзіна. Афіцыйнай інфармацыі пра выстаўленыя супраць яго абвінавачаньні Кацярына не атрымала дагэтуль, хоць ад затрыманьня мінула ўжо больш за тыдзень.
«Мой муж — не злачынца, — канстатуе Кацярына Савіцкая. — Ён адкрыты і добры чалавек, надзейны сябар, любячы тата і каменная апора ўсёй нашай сям’і».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ён нават ня ведаў, дзе знаходзіцца штаб Бабарыкі». Чаму затрымліваюць валянтэраў і зьбіральнікаў подпісаўЮры Савіцкі быў сябрам ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі, а ў дзень выбараў пайшоў зь сябрамі на мітынг супраць фальсыфікацыі выбараў. Гэтага было дастаткова, каб «прышыць» яму крымінальнае злачынства, не хавае абурэньня супруга.
«Так, ён быў сябрам ініцыятыўнай групы, зьбіраў подпісы за Віктара Бабарыку. Так, ён абмяркоўваў зь сябрамі перадвыбарную кампанію, рабіў рэпосты ў сацыяльных сетках. Так, ён прысутнічаў на мітынгу супраць фальсыфікацыі выбараў 9 жніўня. Але гэта ня робіць яго крымінальным злачынцам!» — гаворыць Кацярына.
З плякатам «Мой муж — не злачынца, а яму пагражае 5-15 гадоў за грамадзянскую пазыцыю» днямі Кацярына прыйшла да будынку Белтэлерадыёкампаніі. Менавіта афіцыйная прапаганда ўводзіць у зман электарат, што на акцыі выходзяць «адмарозкі», якія прагнуць «крывавага перавароту». Насамрэч гэта ўлада паводзіць сябе па-бандыцку, хапаючы і зьбіваючы мірных людзей, а затым падводзячы іх пад нічым не абгрунтаваныя крымінальныя артыкулы, перакананая яна.
Трапіць у РУУС і застацца нязьбітым было амаль нерэальна
Паводле суразмоўніцы, тэрмін затрыманьня мужу падоўжылі на 10 сутак, цяпер ідзе праца з адвакатам. Відавочных вонкавых пашкоджаньняў ці раненьняў нібыта няма, хоць вызваленыя мужчыны казалі, што ў Заводзкім РУУС усім перапала «па поўнай».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прабітае лёгкае, ЧМТ, паламаная рабрына. Як затрымлівалі ўладальніка школы танцаўКожны пражыты дзень Кацярына Савіцкая задаецца пытаньнямі, на якія ня можа знайсьці ўцямных адказаў.
«Чаму за альтэрнатыўную грамадзянскую пазыцыю судзяць нават стражэй, чым за забойствы? Чаму людзей выкрадаюць з вуліц, офісаў, кватэраў без паказу службовых пасьведчаньняў і не тлумачачы прычынаў затрыманьня? Чаму трымаюць больш за 72 гадзіны без апавяшчэньня сваякоў? Як такое магчыма ў краіне, якая называе сябе «дэмакратычнай»? — падсумоўвае Кацярына.
Кацярына кажа, што скаргі на абскарджваньне пакуль не падавалі. З аднаго боку, не да канца зразумелая сытуацыя: адвакат падпісаў расьпіску аб неразгалошаньні, і пра інкрымінаваную частку 1 артыкулу 293 паведамлена негалосна. Зь іншага боку, спадзявацца на справядлівасьць ва ўмовах «закальцаванай сыстэмы», дзе адно ведамства пакрывае іншае, ня мае сэнсу.
Згодна з дадзенымі некаторых праваабарончых арганізацыяў, лёс некалькіх дзясяткаў чалавек, схопленых ад пачатку пратэстных акцыяў, дагэтуль невядомы. Ёсьць небеспадстаўная асьцярога, што інфармацыю наўмысна хаваюць, бо некаторыя зь іх могуць быць моцна зьбітыя ці пакалечаныя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Упершыню за 10 дзён да палітвязьня Віктара Бабарыкі дапусьцілі адвакатаў, ён ня ведаў пра падзеі ў краіне