Міністар аховы здароўя Уладзімер Каранік даслаў адкрыты ліст у рэдакцыю Tut.by. Напярэдадні каля будынку Міністэрства аховы здароўя ён сустрэўся з прадстаўнікамі мэдычнай грамадзкасьці, але размова не ўдалася.
«Сваю пазыцыю трэба выказваць не на вуліцы, а дадатковым аб’ёмам працы»
Паводле кіраўніка ведамства, ён гатовы да дыялёгу, але ўсім бакам неабходна «суцішыць эмоцыі» і ўспомніць, што безумоўнае аказаньне дапамогі — гэта пастулят, які не абмяркоўваецца і ня ставіцца пад сумнеў.
«У вольны час вы мае права выказваць сваю грамадзянскую пазыцыю, хоць больш правільна выказваць яе ня выхадам на вуліцы, а дадатковым аб’ёмам працы на карысьць нашых грамадзянаў — як пацярпелых падчас акцыяў, так і тых, хто чакае плянавай дапамогі, — зьвярнуўся да калегаў міністар. — Спыніце абражаць адно аднаго. Інакш проста страшна ўявіць, што будзе, калі сапраўды прыйдзе другая хваля каранавіруснай інфэкцыі і засьпее нас у эканамічна складаным становішчы, з поўным разладам сыстэмы аховы здароўя».
«Ніводная машына хуткай дапамогі не выкарыстоўвалася для перавозкі сілавікоў»
Уладзімер Каранік акцэнтаваў моманты, якія напярэдадні не ўдалося давесьці да суразмоўцаў з прычыны «празьмернай наэлектрызаванасьці публікі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Па цэнтры Менску езьдзіць «хуткая», якой кіруюць людзі ў масках. ФАТАФАКТЁн запэўніў, што ніводная машына хуткай дапамогі не выкарыстоўвалася супрацоўнікамі МУС для перавозкі сілавікоў да месцаў затрыманьняў.
«Падобную расфарбоўку маюць машыны мэдычнай службы ўнутраных войскаў, дзе знаходзяцца вайсковыя мэдыкі, натуральна, у вайсковай форме. Менавіта яны аказвалі дапамогу сваім пацярпелым калегам у самым эпіцэнтры, што магло спарадзіць гэтыя чуткі. Калі ёсьць іншыя факты, прад’явіце іх, бо нават здагадка пра тое, што ў машыне хуткай дапамогі могуць знаходзіцца прадстаўнікі сілавых ведамстваў, можа выклікаць агрэсію грамадзянаў і паставіць пад пагрозу бясьпеку нашых супрацоўнікаў, а гэта недапушчальна», — заявіў міністар.
«У месцах утрыманьня супрацоўнікі сыстэмы аховы здароўя не залучаныя»
З словаў Уладзімера Караніка, 9 жніўня для аказаньня мэдычнай дапамогі затрыманым у кожным РУУС Менску і буйных гарадах дзяжурыла хуткая дапамога.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «20-гадовую студэнтку ва ўпор расстрэльвалі гумавымі кулямі». Сям’я пра катаваньні на АкрэсьцінаУ месцах часовага ўтрыманьня залучаныя супрацоўнікі не сыстэмы аховы здароўя, а пэнітэнцыярнай, але пастанова Міністэрства аховы здароўя рэглямэнтуе правілы ўзаемадзеяньня.
«Мы шчыльна ўзаемадзейнічалі з МУС, каб максымальна хутка вырашыць пытаньне аказаньня дапамогі пацярпелым і забесьпячэньня чалавечых ўмоваў знаходжаньня ў месцах часовага ўтрыманьня. Вынікам сталі пераводы грамадзянаў, якія маюць патрэбу ў дапамозе, у стацыянары, а таксама апэратыўнае вызваленьне затрыманых зь месцаў, дзе ўмовы не адпавядаюць нарматывам. Паводле стану на 17 жніўня, на Акрэсьціна былі 6 чалавек, затрыманых за ўдзел у вулічных акцыях, ніхто ў мэдычнай дапамозе ня меў патрэбы».
«У нашых патолягаанатамічных бюро няма неапазнаных трупаў»
Сыстэма аховы здароўя не праводзіць судова-мэдычную экспэртызу і ня мае права накіроўваць на яе. Так міністар пракамэнтаваў зьвесткі пра большую за афіцыйную колькасьць забітых у пасьлявыбарных акцыях.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы: Падчас вулічных пратэстаў загінулі ня менш за пяць чалавек, сем — у крытычным стане«Што мы можам зрабіць, дык гэта зафіксаваць факт звароту, апісаць атрыманыя пашкоджаньні і, з словаў пацыента, указаць акалічнасьці іх атрыманьня. За 16 жніўня такіх зваротаў толькі ў Менску было 160. Мы стаміліся паўтараць, што ў нашых патолягаанатамічных бюро няма неапазнаных трупаў, што туды дастаўляюць толькі памерлых у мэдычных установах. Загінулых альбо памерлых па-за шпітальнымі сьценамі накіроўваюць судова-мэдычныя экспэрты, якія знаходзяцца па-за юрысдыкцыяй нашага міністэрства».
Ці ёсьць у гэты момант у службе судова-мэдычнай экспэртызы неапазнаныя целы і што зьявілася прычынай сьмерці — гэтыя пытанні трэба адрасаваць менавіта туды, параіў Уладзімер Каранік.