Сябра страйкаму Менскага маторнага заводу Андрусь Комлік-Ямацін паведаміў Свабодзе, што частка рабочых з тых, хто ўчора падпісаў заявы на ўдзел у страйку, не адмовіліся ад сваіх намераў. Але большасьць людзей на прадпрыемстве працуюць.
Паводле яго, прынамсі 167 працаўнікоў Менскага маторнага заводу далучыліся ўчора да страйку, сёньняшнюю лічбу ён назваць ня змог. Агулам на заводзе працуюць каля 4000 чалавек.
Працаўнік ММЗ паведаміў пра моцны ціск з боку адміністрацыі. «Прайшліся па цэхах, пачалі застрашваць, спрабуюць пасварыць тых, хто страйкуе, зь іншымі. Маўляў, мы хочам загубіць завод. Аднаго сябра страйкаму, які быў на бюлетэні, не пусьцілі на завод. На кагосьці пагрозы дзейнічаюць. Але мы не саступалі. Правялі сход, рыхтуем юрыдычную базу, абмяркоўвае форму страйку для ўсяго заводу, зьвязваемся зь іншымі страйкамамі», — расказаў Андрусь Комлік-Ямацін.
Пазьней стала вядома, як паведамляе Tut.by, што намесьнік генэральнага дырэктара ММЗ Андрэй Новік заявіў: прадпрыемства ня будзе звальняць супрацоўнікаў, якія бяруць удзел у страйку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Стачкам сфармаваны». Шахтары «Беларуськалію» плянуюць штодня выходзіць у цэнтар горадуПакуль толькі два буйныя прамысловыя прадпрыемствы цалкам спынілі працу. Гэта салігорскі «Беларуськалій» і жлобінскі Беларускі мэталюргічны завод. На МАЗе, МТЗ, МЗКЦ і іншых працу прыпыніла частка супрацоўнікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На БМЗ прыпынілі працу печы, працоўныя заблякавалі ўезд транспартуРабочыя патрабуюць адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі, правядзеньня новых выбараў, спыненьня гвалту з боку сілавікоў над мірнымі пратэстоўцамі.