Міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба заяўляе, што Аляксандар Лукашэнка падарваў давер між Беларусьсю і Ўкраінай, перадаўшы Расеі затрыманых «вагнэрацаў», чым нанёс «сур’ёзны ўдар па двухбаковых дачыненьнях».
«Пасьля гэтага Аляксандар Лукашэнка неаднаразова і цалкам беспадстаўна абвінавачваў Украіну ў недружалюбных кроках супраць Беларусі. Якасна новыя пагрозы як асабістай бясьпецы грамадзян, так і рэгіянальнай бясьпецы ў цэлым вынікаюць з афіцыйных паведамленьняў аб магчымым актыўным удзеле Расеі і АДКБ у вырашэньні сытуацыі ў Беларусі», — заявіў Дзьмітро Кулеба.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка зноў папрасіў Пуціна дапамагчы супрацьстаяць «зьнешнім пагрозам»Паводле яго, спалучэньне гэтых фактаў і дзеяньняў, а таксама разьвіцьцё падзеяў у Беларусі, грамадзтва якой выказала вотум недаверу афіцыйным вынікам прэзыдэнцкіх выбараў, рэзка зьмяняе сытуацыю ва ўкраінска-беларускіх дачыненьнях:
«Улічваючы гэта, я вырашыў выклікаць амбасадара Ўкраіны ў Беларусі Ігара Кізіма для кансультацыяў у Кіеў з мэтай ацэнкі пэрспэктываў украінска-беларускіх дачыненьняў у новай рэчаіснасьці, распрацаваць адпаведныя рашэньні з улікам цэлага комплексу фактараў. Мы ўпершыню ў гісторыі робім такі крок у адносінах зь Беларусьсю і робім гэта выключна празь недапушчальныя дзеяньні Менску».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дабіваць параненага — гэта апошняя стадыя нізасьці». Доктар-рэаніматоляг пра траўмы і пакуты пацярпелых ад сілавікоў