Сёньня па ўсёй Беларусі адбыліся шматтысячныя Маршы Свабоды, дзе мірныя пратэстоўцы патрабавалі вяртаньня справядлівасьці, спыненьня гвалту і адстаўкі Лукашэнкі.
Пасьля поўдня на плошчы Незалежнасьці ў Менску прайшоў мітынг у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі, у якім узяло ўдзел некалькі дзясяткаў тысяч чалавек. Многія ўдзельнікі арганізавана прыехалі з розных рэгіёнаў Беларусі спэцыяльнымі аўтобуснымі і чыгуначнымі рэйсамі. Сам Лукашэнка таксама прыбыў на плошчу і ў сваім выступленьні паўтарыў, што ўладу аддаваць не зьбіраецца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «За бацьку! За Беларусь!» На плошчы Незалежнасьці ў Менску пачынаецца мітынг у падтрымку ЛукашэнкіПа абедзе каля стэлы «Менск — горад-герой» сабраліся больш за 100 тысяч удзельнікаў «Маршу Свабоды». Была занятая ўся тэрыторыя каля музэю Вялікай Айчыннай вайны, парку Перамогі, праспэкту Пераможцаў і прылеглых вуліц. Атмасфэра была ўзьнёслая, людзі не чакалі, што прыйдзе так шмат. Удзельнікі мітынгу падтрымалі патрабаваньне каардынатаркі аб’яднанага штабу Марыі Калесьнікавай аб адстаўцы Аляксандра Лукашэнкі. «Наша галоўнае патрабаваньне — былы прэзыдэнт мусіць падаць у адстаўку. 26 гадоў кашмару павінны скончыцца, гэта не павінна працягвацца», — заявіла Калесьнікава пад ухвальныя воклічы мітынгоўцаў. Пасьля ўдзельнікі маршу рушылі да праспэкту Незалежнасьці. Людзі трымалі плякаты: «Вярніце мой горад!», «Трыбунал», «Ярмошыну — на Акрэсьціна», «Выключай БТ», «Сьвета — наш прэзыдэнт», «Свабоду палітвязьням!». Дэманстранты нясуць два велізарныя 100-мэтровыя сьцягі. Пазьней дзясяткі тысяч прыхільнікаў перамен сабраліся на сталічнай плошчы Незалежнасьці. Марш Свабоды прайшоў мірна, без умяшаньня сілавікоў.
Маршы Свабоды з масавым удзелам жыхароў адбыліся сёньня ва ўсіх буйных гарадах Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля мітынгу «за Лукашэнку» сотні тысяч менчукоў выйшлі на пратэст супраць яго. Што адбываецца ў БеларусіСынод Беларускай праваслаўнай царквы выступіў са зваротам да народу Беларусі аб спыненьні супрацьстаяньня. «Мы верым і спадзяёмся, што кіраўніцтва краіны, якое па праве заклікана паважаць і ахоўваць свой народ, спыніць гвалт, пачуе голас пакрыўджаных і нявінна пацярпелых у пэрыяд супрацьстаяньня, а тых, хто праявіў зьверства і жорсткасьць, аддасьць законнаму суду і асуджэньню», — гаворыцца ў звароце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хто праявіў зьверства і жорсткасьць — аддаць законнаму суду». Зварот Сыноду БПЦУ Касьцюкоўцы пад Гомлем адбылося разьвітаньне з Аляксандрам Віхорам, які загінуў пасьля таго, як яго затрымаў АМАП.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пад Гомлем разьвітваюцца з Аляксандрам Віхорам, які загінуў пасьля затрыманьня АМАПамАдбылася новая тэлефонная размова кіраўнікоў Беларусі і Расеі. Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін абмеркавалі сытуацыю ў Беларусі. Удакладняецца, што абодва пацьвердзілі дамоўленасьць, што ў выпадку абвастрэньня сытуацыі па лініі вонкавых пагрозаў бакі будуць рэагаваць сумесна ў адпаведнасьці з палажэньнямі, прадугледжанымі Дамовай аб калектыўнай бясьпецы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка зноў папрасіў Пуціна дапамагчы супрацьстаяць «зьнешнім пагрозам»Сёньня з ізалятара на Акрэсьціна выйшлі гукарэжысэры Ўладзіслаў Сакалоўскі і Кірыл Галанаў, якія ўключылі 6 жніўня ў Кіеўскім сквэры ў Менску песьню Цоя «Перамен». Яны правялі за кратамі 10 сутак. Хлопцы сказалі, што адчуваюць сябе добра, але пакуль «ня ведаюць, у якую краіну сёньня выйшлі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На волю выйшлі «дыджэі пераменаў». ФОТА. ВІДЭА