У Офісе прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага лічаць сьвядома правакацыйнымі заявы Аляксанда Лукашэнкі аб тым, што «кіраўніцтва Ўкраіны загадвае правесьці ў Беларусі новыя выбары».
«Гэта ня проста адкрытая няпраўда. Гэта сьвядомае нагнятаньне. Сьвядома правакацыйныя паводзіны. Для чаго? Нават інакш — да чаго тут Украіна, калі падзеі датычацца выключна Беларусі і ўнутранага недаверу?», — зазначае офіс украінскага прэзыдэнта.
У заяве падкрэсьлена, што Ўкраіна паважае геаграфічныя і палітычныя межы дзяржаваў і ня ўмешваецца ў вырашэньне пытаньняў пра выбары або нечай перамогі на іх.
«Спасылкай на тую ці іншую дзяржаву нельга заглушыць голас шматтысячных пратэстаў сваіх грамадзян. Калі даверу няма, — а сьвет бачыць, што даверу і блізка няма, — то гэты дэфіцыт несправядлівымі абвінавачаньнямі на адрас „кіраўніцтва іншай краіны“ не запоўніць. Хутчэй, можна выклікаць яшчэ большы недавер».
16 жніўня Аляксандар Лукашэнка, прамаўляючы да сваіх прыхільнікаў у Менску на плошчы Незалежнасьці, заявіў, што «кіраўніцтва Ўкраіны загадала правесьці ў Беларусі новыя выбары».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі: «Ня дай Бог Беларусі атрымаць у сябе Данбас»