Кіраўніцтва NATO сочыць за сытуацыяй у Беларусі і зьняпраўджвае заявы Лукашэнкі 

Сьцяг NATO

NATO зьняпраўдзіла заяву Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што ідзе «працэс нарошчваньня вайсковай моцы альянсу» паблізу заходняй мяжы краіны.

«Ніякага нарошчваньня сілаў NATO у рэгіёне няма. Шматнацыянальная прысутнасьць ва ўсходняй частцы Паўночнаатлянтычнага зьвязу не нясе пагрозы ні для адной краіны. Яна носіць строга абарончы, сувымерны характар і накіраваная на перадухіленьне канфліктаў і захаваньне міру», — цытуе «Інтэрфакс» заяву прэс-сакратара альянсу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка зноў папрасіў Пуціна дапамагчы супрацьстаяць «зьнешнім пагрозам»

Прадстаўнік арганізацыі заклікаў улады Беларусі паважаць асноўныя свабоды, уключна з правам на мірны пратэст, і адзначыў, што ў NATO ўважліва сочаць за разьвіцьцём сытуацыі ў краіне.

16 жніўня Аляксандар Лукашэнка на мітынгу сваіх прыхільнікаў у Менску заявіў, што танкі і самалёты NATO разгорнутыя за 15 хвілін язды ад беларускай мяжы.