У Менску адбылося паседжаньне Рады беларускай інтэлігенцыі, у якім бралі ўдзел кіраўнік арганізацыі Ўладзімер Колас, юрыст Міхаіл Пастухоў, гісторык Алег Трусаў, мовазнаўца Лявон Баршчэўскі, экс-дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім ды іншыя дзеячы.
Абмеркавалі падзеі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, якія выліліся ў беспадстаўны гвалт сілавікоў супраць уласнага народу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская стварае Каардынацыйную раду для забесьпячэньня трансфэру ўлады«Народ выступіў нечакана моцна і аб яго проста разьбілася тая страшная сіла, — адзначыў Уладзімер Колас. — Беларусы заслужылі, каб гэты чысты парыў да свабоды быў пачуты. Мы абавязаныя зрабіць усё, каб пазьбегнуць расчараваньня і ня даць скарыстацца сытуацыяй недастойным людзям. Рада інтэлігенцыі выступае за тое, каб разам знайсьці выйсьце зь цяперашняй сытуацыі. Мы прапануем сваю пасярэдніцкую ролю для скліканьня аргкамітэту і правядзеньня круглага стала з шырокім грамадзкім удзелам».
Былы судзьдзя Канстытуцыйнага суду Беларусі Міхаіл Пастухоў падкрэсьліў, што адна з галоўных задачаў — вярнуцца ў прававое поле. Для гэтага ёсьць Канстытуцыя 1994 году. Ён падтрымаў ідэю правядзеньня круглага стала як магчымасьць абмеркаваць шляхі выйсьця з крызіснай сытуацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Можа прынесьці прысягу на вернасьць Канстытуцыі 1994 году». Ціханоўская абяцае новыя выбары. Ці законна гэта?Алег Трусаў нагадаў, што дэпутаты Вярхоўнага Савету 12 скліканьня напярэдадні выбараў прынялі заяву, у якой гаварылася, што 9 жніўня — толькі этап у змаганьні беларусаў за свабоду. Там таксама агучаная прапанова правесьці круглы стол з абмеркаваньнем сытуацыі дзеля абароны незалежнасьці краіны. Пытаньне ня проста застаецца, яго актуальнасьць штодня ўзмацняецца.
Алена Анісім расказала пра ўжо прынятыя заявы, падкрэсьліўшы, што Рада інтэлігенцыі выступае пасярэднікам для арганізацыі дыялёгу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сумесная дэклярацыя дэмакратычных партыяў і рухаў: «Лукашэнка прайграў выбары і ажыцьцявіў сілавы захоп улады»17 жніўня заплянавалі першае паседжаньне аргкамітэту, на якое запрашаюцца кіраўнікі палітычных партый, грамадзкіх аб’яднаньняў, прадстаўнікі трох штабоў, якія аб’ядналіся ў падтрымку кандыдаткі ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай. Паседжаньне пройдзе бяз прэсы, па выніках будзе падрыхтаваны прэс-рэліз.