Украіна з прыкрасьцю ўспрыняла рашэньне ўладаў Беларусі перадаць Расеі групу затрыманых асобаў, якія належаць да прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр».
«Безумоўна, Рэспубліка Беларусь — незалежная дзяржава з уласнай пазыцыяй, але ўкраінскі бок чакаў больш юрыдычна карэктнага і ўзважанага рашэньня», — заявілі ў Офісе прэзыдэнта Ўкраіны.
Увечары 14 жніўня стала вядома, што ў Расею вярнуліся 32 найміты прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр», затрыманыя ў Менску ў канцы ліпеня.
33-ці затрыманы — грамадзянін Расеі, які мае таксама беларускае грамадзянства, — застаўся ў Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі папрасіў Лукашэнку перадаць Украіне «вагнэраўцаў». Лукашэнка заявіў пра гатоўнасьць да супрацыГэта адбылося паводле хадайніцтва Генэральнага пракурора Расейскай Фэдэрацыі, паведамляецца на сайце Генпракуратуры РФ 14 жніўня, і ў адпаведнасьці зь Менскай канвэнцыяй аб прававой дапамозе і прававых адносінах па грамадзянскіх, сямейных і крымінальных справах ад 1993 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь перадала Расеі 32 затрыманых наймітаў ПВК «Вагнэр»Паведамляецца, што кампэтэнтныя органы Расейскай Фэдэрацыі працягнуць разьбірацца з сытуацыяй, якая склалася вакол гэтых грамадзян.
Інтэрфакс са спасылкай на сваю крыніцу піша, што расейцам, якія вярнуліся на радзіму, «не пагражае крымінальны або іншы працэсуальны перасьлед».