Міністар інфармацыі — журналістам: «Улада мяняецца на выбарах, а не на рэвалюцыях»

Міністар інфармацыі Беларусі Ігар Луцкі

Кіраўнік Міністэрства інфармацыі Ігар Луцкі на сустрэчы зь дзяржаўнымі і недзяржаўнымі журналістамі 14 жніўня заклікаў іх да «канструктыўнага дыялёгу, які паслужыць далейшым зносінам і прадухіленьню эскаляцыі канфліктных сытуацый», паведамляе БелаПАН.

«Мы супраць неабгрунтаванага гвалту ня толькі ў дачыненьні да журналістаў, але і ўсіх грамадзян», — сказаў Луцкі на сустрэчы, на якой прысутнічала і прадстаўніца Міністэрства ўнутраных спраў Вольга Чамаданава.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі мэтанакіравана затрымлівалі і зьбівалі журналістаў. Заява БАЖ

Луцкі папракнуў журналістаў недзяржаўных СМІ ў тым, што, скардзячыся на факты затрыманьня і зьбіваньня сваіх супрацоўнікаў, яны ні разу не адрэагавалі на тое, што ў сацсетках у апошнія месяцы было цкаваньне журналістаў дзяржаўных СМІ.

«Я вас не абвінавачваю, але калі мы гаворым пра нейкую кансалідацыю, пра нейкую падтрымку адзін аднаго, дык выкажыце сваё слова ў падтрымку. Бо гвалт вэрбальны можа быць мацнейшы за зьбіваньне. Не глядзіце на мяне так, як быццам бы вы нечаму дзівіцеся. Гэта так на справе, таму я заклікаю да кансалідацыі. Я заклікаю да таго, каб мы ў адной прафэсіі падтрымалі адзін аднаго, а не разышліся ў розныя бакі», — сказаў кіраўнік Міністэрства інфармацыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За тры дні зафіксавалі 55 нападаў на журналістаў, іх затрыманьняў і арыштаў у Беларусі

Луцкі таксама заявіў, што некаторыя журналісты ня толькі асьвятляюць вулічныя акцыі, але і бяруць у іх удзел. На просьбу публічна абвясьціць, хто менавіта, ён адмовіўся.

Акрамя таго, Луцкі скрытыкаваў недзяржаўныя СМІ за тое, што яны ніяк не рэагуюць на публікацыі ў тэлеграм-каналах.

«Усё тое, што адбываецца ў тэлеграм-каналах — прамыя заклікі да зьвяржэньня ўлады, нападу на дзяржаўныя органы, зьнішчэньня чыноўнікаў, як яны кажуць — „прыкарытнікаў“, — гэта экстрэмізм у чыстым выглядзе, — заявіў ён. — Ніводнае зь незалежных выданьняў не сказала пра гэта ні слова. Дык будзьце сумленныя і скажыце, што гэта проста вядзе да развалу краіны — тое, што там у гэтых тэлеграм-каналах вяшчаецца. Чаму вы пра гэта ня кажаце?.. Чаму вы ня скажаце пра тое, што гэтыя хлопцы заклікаюць да развалу краіны, да зьвяржэньня ўлады? Гэта абсалютна экстрэмісцкія выразы».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МУС: Перашкоды ў працы журналістаў не застануцца без увагі

Журналісты запыталіся, якая сувязь паміж заклікамі да зьвяржэньня ўлады і заклікамі да развалу краіны, чаму міністар ставіць «знак роўнасьці паміж гэтымі двума заклікамі». «Улада мяняецца на выбарах, а не на рэвалюцыях», — сказаў Луцкі.

«Калі ў апошні раз зьмянялася, нагадайце», — папрасіў удакладніць рэдактар «Эўрарадыё» Павел Сьвярдлоў. Луцкі не адказаў на гэтую рэмарку.