Вэтэраны баявых дзеяньняў у Аўганістане асудзілі беспрычынную жорсткасьць сілавікоў і запэўнілі, што ў выпадку неабходнасьці будуць абараняць беларускі народ. Калектыўны зварот дасланы ў рэдакцыю Свабоды.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ісьці супраць людзей — найгоршае, што можа здарыцца». 2 жніўня — 90 гадоў паветрана-дэсантным войскам«Мы — людзі, якія бачылі вайну на ўласныя вочы, а таму нам неабыякавы лёс нашай Радзімы, — гаворыцца ў звароце. — Хочам, каб усе ведалі: воіны-інтэрнацыяналісты — разам зь беларусамі. Усе мы — народ (не народзец) — выйшлі мірна на вуліцы, каб запатрабаваць сумленных выбараў! У адказ на гэта нашых дзяцей, братоў, сясьцёр саджаюць у турмы і зьбіваюць. Хто? Тыя, хто даваў прысягу абараняць. Менавіта абараняць, а не зьдзекавацца і прыніжаць. Браты „аўганцы“! Сёньня мы мусім заявіць, што былі, ёсьць і будзем разам са сваім народам».
Паводле былых афіцэраў, сяржантаў, салдатаў, якіх некалі прымусілі ваяваць за інтарэсы ўжо няіснай дзяржавы, сёньня маніпуляваць сабой яны не дазволяць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Алексіевіч пра Аўган: «Салдатаў пасылалі, каб сталі героямі, а яны вярнуліся злачынцамі»«Лукашэнка скраў нашыя галасы, — канстатуюць „аўганцы“. — Мы павінны паказаць, што ня згодныя з агучанымі вынікамі і патрабуем новых, сумленных выбараў. Патрабуем спыніць кровапраліцьце сумленных грамадзянаў, якія змагаюцца за сваю праўду. Мірныя людзі — дзяўчаты, жанчыны — выйшлі падтрымаць усіх нас у барацьбе за выбар нашай будучыні. Усіх затрыманых — на свабоду».
Згуртаваныя ўдзельнікі баявых дзеяньняў заклікаюць усіх неабыякавых саслужыўцаў сабрацца на мірны пікет дзеля вяртаньня скрадзеных галасоў і правядзеньня новых выбараў з удзелам альтэрнатыўных прэтэндэнтаў і кандыдатаў. Маўчаць ня можам і ня маем права, падсумоўваюць яны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Аўганскі сындром». Чаму начальнік варты палаца ў Кабуле Віктар Сівохін дагэтуль ня выйшаў з вайныПершая сустрэча былых воінаў-«аўганцаў» адбудзецца 14 жніўня а 18-й гадзіне на пляцоўцы каля гіпэрмаркету «Прастор» (станцыя мэтро «Малінаўка»).