Свабода пагутарыла зь лекарамі, якія прымалі траўмаваных пацыентаў з масавых акцыяў у першыя дзьве ночы пратэстаў.
Лекар-хірург з 10-га клінічнага шпіталя на ўмовах ананімнасьці расказаў Свабодзе пра пацыентаў, якія трапілі ў лякарню ў ноч з 10 на 11 жніўня.
«Я дзяжурыў у ноч з 10 на 11 жніўня, гэта была другая ноч пратэстаў. Мяне выклікалі на ўзмацненьне хірургічнай брыгады. За тую ноч да нас прывезьлі прыкладна 7-8 чалавек. Трох зь іх аглядаў я, усіх шпіталізаваў. У дваіх былі чэрапна-мазгавыя траўмы з ранамі галавы і мноства ўдараў мяккіх тканак па ўсім целе, сінякоў.
Людзі апавядалі, што іх жорстка пабілі, каго на Рэвалюцыйнай, некага ў Серабранцы. Аднаго хлопца, зь ягоных словаў, наагул білі ў аўтазаку — з 19 вечара да 2 ночы. Ён прыбыў да нас суправаджэньні аднаго байца АМАПу, але той зразумеў, што „засьвеціцца“ ў шпіталі, і адразу ж зьехаў. Ёсьць хлопец, у якога ўсё цела — суцэльная гематома.
Прывезьлі аднаго 20-гадовага хлопца, у якога была пранікальнае раненьне гумавай пуляй у грудную паражніну. І яго экстрэнна праапэравалі. Ён знаходзіцца ў шпіталі з бацькамі. І яны гатовы кантактаваць. Да хлопца прыходзілі супрацоўнікі Сьледчага камітэту, але нашы дактары іх не пусьцілі, бо ён быў у цяжкім стане. Цяпер яго перавялі ў аддзяленьне таракальнай хірургіі, стан у яго ўжо стабільны, і ён пастаянна знаходзіцца з бацькамі.
У мае сёньняшняе і пазаўчорашняе дзяжурствы да нас нікога не прывозілі. Але я бачыў чаргу ў афтальмалягічнае аддзяленьне, сядзелі людзі з кулявымі раненьнямі ў павека, вока».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску і Жодзіне пачалі выпускаць затрыманых 9-12 жніўня
«Раненьні гумавымі кулямі, аскепкавая рана ступака, сьляды ад дручкоў»
Аляксандра Цітова, траўматоляг з 6-га клінічнага шпіталя, прымала траўмаваных людзей у першую ноч, з 9 на 10 жніўня. Кажа, што тыя «хуткія», якіх шмат бачылі ў тую ноч, ехалі ў асноўным у лякарню хуткай дапамогі і вайсковы шпіталь.
«Да нас у асноўным прыходзілі і прыяжджалі самі. Усіх шпіталізавалі. У нас спэцыялізацыя — траўмы канцавін, таму паступалі з пабітымі і параненымі рукамі-нагамі. Я ведаю, што асноўную масу людзей везьлі ў шпіталь хуткай дапамогі, таму што там спалучаная траўматалёгія (рукі-ногі і жыцьцёва важныя органы), з траўмамі грудной клеткі везьлі ў 10-ю лякарню.
Было шмат людзей са сьлядамі зьбіцьця міліцэйскімі дручкамі. У асноўным гэта сьляды на руках, на нагах і на сьпіне. Былі людзі з ранамі ад гумавых куль, траўмамі, нанесенымі гумавымі кулямі.
Кулі былі даволі вялікія — круглыя чорныя шарыкі дыямэтрам сантымэтры тры. Адну мы вынялі, другую хлопец прывёз з сабой. Быў хлопец, у якога пад нагамі штосьці выбухнула. Што — ён дакладна патлумачыць ня можа. У яго выбуховая рана ступака. Былі няроўныя краі, відавочна, аскепкі трапілі. Апэрацыя экстраная ў момант паступленьня.
З акепкавымі раненьнямі мы сутыкаліся толькі адзін раз — 11 красавіка 2011 году, калі быў выбух у мэтро», — расказала траўматоляг Аляксандра Цітова.
Адкрытая траўма чэрапа, прастрэлены жывот
У 4-ю лякарню імя Саўчанкі ў Менску дастаўлялі траўмаваных людзей, яны пацярпелі на вуліцах Менску.
«У 23:00 з Пушкінскай даставілі хлопца з адкрытым пераломам костак чэрапа. Гэта было 10 жніўня. Правялі апэрацыю на чэрапе», — расказаў лекар, які працаваў у тую ноч, але непасрэдна апэрацыяй ён не займаўся і не працаваў на ёй.
«У нас жа не ваенны час, адкуль у нас досьвед лячэньня такіх траўмаў», — кажа лекар.
Многія дактары кажуць, што сутыкаюцца з такімі траўмамі ўпершыню.
У хлопца была адкрытая рана чэрапа за вухам, яго ратаваў цэлы калектыў мэдыкаў. Цяпер яго перавялі ў РНПЦ нэўралёгіі і хірургіі.
Ужо 11 жніўня ад унівэрсама «Рыга» даставілі хлопца з дзьвюма ранамі жывата. Цяпер хлопец у рэанімацыі, але ягоны стан стабільны.
Атрымаць апэратыўны камэнтар ад кіраўніцтва 4-й лякарні і ад Міністэрства здароўя не атрымалася.
13 жніўня Міністэрства аховы здароўя распаўсюдзіла зварот, у якім заклікала «спыніць гвалт на вуліцах гарадоў і не правакаваць адзін аднаго».
«Жыцьцё вельмі крохкае і хуткаплыннае, здароўе лёгка страціць, ня трэба марнаваць гэты бясцэнны дар на правакаваньне гвалту і спрыяць расколу ў грамадзтве!», — гаворыцца ў звароце.
Пры гэтым мэдыкі працягваюць станавіцца ў ланцугі салідарнасьці па ўсёй краіне і выказваюцца аб спыненьні гвалту з боку сілавікоў супраць мірных грамадзян. Міністэрства здароўя так і не апублікавала інфармацыі пра колькасьць параненых у ходзе пратэстаў у Менску ды іншых гарадах.